Інфармацыю пацьвердзілі адвакат і жонка Стралкова.
Сілавікі забралі Стралкова з дому апоўдні. У ягонай кватэры супрацоўнікі Сьледчага камітэту праводзяць ператрус. Пра гэта РБК паведамілі дзьве крыніцы ў сілавых органах.
Паводле папярэдніх дадзеных, ён падазраваны паводле артыкулу «Экстрэмізм».
Папярэдне вядома, што затрыманьне праводзілася па заяве былога супрацоўніка ПВК «Вагнэр».
Ігар Стралкоў-Гіркін вельмі крытычна ставіўся да дзейнасьці Яўгенія Прыгожына і ягонай ПВК.
- Былы афіцэр ФСБ Гіркін, які ўзяў сабе псэўданім Стралкоў, стаў вядомым ўвесну 2014 году. Атрад пад ягоным кіраўніцтвам, які прыбыў ва Ўкраіну з Расеі, захапіў гарады Славянск і Краматорск у Данецкай вобласьці. Кіеў пачаў антытэрарыстычную апэрацыю ў рэгіёне з выкарыстаньнем рэгулярнай арміі, канфлікт перарос у поўнамаштабную вайну паміж Украінай і прарасейскімі сэпаратыстамі, падтрыманымі расейскімі войскамі.
- Гіркін быў так званым міністрам абароны самаабвешчанай ДНР, пасьля адстаўкі пакінуў тэрыторыю Данбасу.
- У 2022 годзе Стралкоў неаднаразова крытыкаваў расейскае кіраўніцтва за мэтады вядзеньня вайны ва Ўкраіне, потым нібыта паехаў удзельнічаць у баявых дзеяньнях. Затым вярнуўся ў Маскву. Паводле яго, ён ня змог трапіць на фронт і на яго не былі аформленыя дакумэнты. Раней Гіркін быў завочна прыгавораны да пажыцьцёвага зьняволеньня судом у Нідэрляндах у справе аб катастрофе «Боінга» 17 ліпеня 2014 году, ува Ўкраіне за яго абвяшчалі ўзнагароду.