У Горадні памерла актывістка, якая была на судзе над палітвязьнямі Мажэйкам і Юргілевіч

Сьвятлана Рынкевіч, архіўнае фота

20 ліпеня з працэсу журналіста Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч «хуткая» забрала горадзенскую актывістку Сьвятлану Рынкевіч. Уначы яна памерла ў шпіталі.

Пра сьмерць горадзенскай актывісткі Сьвятланы Рынкевіч паведаміла жонка Мажэйкі Ірына Чарняўка.

«Спадарыня Сьвятлана была на ўсіх паседжаньнях Паўла і Юліі. І на паседжаньнях іншых палітычных працэсаў, іншых горадзенцаў.
Гэта тыя маленькія нябачныя героі, якія падыходзяць, каб усьміхнуцца чалавеку ў клетцы, і для многіх палітвязьняў гэта адзіная ўсьмешка, якую яны бачаць у судовай залі. Каб абняць маці, паціснуць руку бацьку, усе запомніць і пераказаць. Людзі-сэрцы...

Адбылося ўсе так: калі ўчора, каля 16-й судзьдзя зрабіў працэс Паўла і Юліі закрытым, сям’я і сябры мусілі выйсьці і чакаць заканчэньня паседжаньня ў двары перад судом. Сьвятлане Рынкевіч раптам зрабілася кепска, яна асела на зямлю, „хуткая“ забірала яе непрытомнай. Вядома, што ў шпіталі яна ўпала ў кому. Уночы памерла», — напісала Ірына Чарняўка.

Яна паведаміла, што Сьвятлана Рынкевіч сама прайшла праз затрыманьні і страціла працу, бо ўдзельнічала ў маршах у 2020 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неўстаноўленымі асобамі ў неўстаноўлены час дзеля неўстаноўленых мэтаў, але патрабуюць 6 гадоў». Дэталі суду над Мажэйкам і Юргілевіч

20 ліпеня адвакатка Юлія Юргілевіч і журналіст Павал Мажэйка мусілі выступіць з апошнім словам, пасьля гэтага чакалася вынясеньне выраку.

Аднак пракурор нечакана запрасіў далучыць скрыншоты камэнтароў у інтэрнэце, атрыманых праз КДБ, і ў сувязі з гэтым запрасіў працягнуць судовае паседжаньне, але ўжо ў закрытым рэжыме.

Паводле абвінавачаньня, спатрэбіцца камэнтар спэцыяліста ў бясьпецы адносна гэтых скрыншотаў, а закрыты рэжым працэсу патрэбен, каб захаваць таямніцу ягонай асобы, піша «Новы час».

  • Адвакатку і журналіста абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 361-4 КК за «іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, зьдзейсьненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове».
  • Пракурор запатрабаваў для іх па 6 гадоў турмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынясеньне прысуду па справе палітвязьняў Юліі Юргілевіч і Паўла Мажэйкі адклалі