У Польшчы за 14 месяцаў затрымалі 22 шпіёны зь Беларусі і Расеі

Польскія паліцыянты. Архіўнае фота

Пра гэта паведаміў намесьнік міністра – каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын.

«Расейцы спрабуюць пранікнуць у Польшчу ў большым маштабе і прыцягваюць новых людзей», — сказаў Станіслаў Жарын. Паводле яго ацэнкі, расейцы паспрабуюць стымуляваць і пашырыць існыя рознагалосьсі ў Польшчы, каб паўплываць на зыход парлямэнцкіх выбараў.

Па словах Жарына, узмацненьне беларускіх і расейскіх службаў пацьвярджаюць і лічбы — цягам апошніх 14 месяцаў польскія сілавікі затрымалі 22 шпіёны з гэтых дзьвюх краін.

Жарын адзначыў, расейскія спэцслужбы спрабуюць нарасьціць маштаб укараненьня ў Польшчы. Яны намагаюцца вэрбаваць новых агентаў. У тым ліку таму летась у сакавіку выдварылі з краіны 45 расейскіх дыпляматаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы заявілі, што разьбілі шпіёнскую сетку, якая працавала на Расею

Сёлета польскія спэцслужбы заявілі, што разграмілі шпіёнскую сетку, якая працавала на Расею. У справе затрымалі 15 грамадзян Беларусі, Расеі і Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы арыштавалі беларуса і расейца, якіх падазраюць у шпіянажы