Падаляк выказаў сумнеў, што вагнэраўцы сумесна зь беларускімі вайскоўцамі могуць напасьці на Ўкраіну з паўночнага кірунку/
«У Беларусі грошай няма на ўзровень забесьпячэньня, які неабходны ПВК „Вагнэр“, — лічыць Падаляк. — У Беларусі на замежным рынку няма такіх амбіцыйных задач, як у Расеі, гэта значыць, наўрад ці Беларусь паспрабуе захапіць нейкія краіны, як гэта робіць РФ. Ну і, адпаведна, Беларусь наўрад ці прэтэндуе на тое, каб нейкім чынам сапраўды зайсьці ў вайну, якую Расея прайграе».
На думку Падаляка, Лукашэнка не сапсаваў свае адносіны з Пуціным тым, што запрасіў вагнэраўцаў у Беларусь.
«Лукашэнка не настолькі тонка разумее ўсё, што адбываецца сёньня ў Расеі. Наогул гэта дастаткова прымітыўны пэрсанаж, які не ацэньвае наступствы тых ці іншых крокаў. Ён такі фанфаронісцкага псыхатыпу чалавек. Ён робіць крок, абсалютна не пралічваючы наступствы. Зразумела, што яго не ўспрымаюць усур’ёз у Расеі. Хаця мне здаецца, ужо і саму Расею ўспрымаць сурʼёзна не трэба. Таму гэта, хутчэй за ўсё, ведаеце, такі транзытны варыянт для таго, каб публічна не спрабаваць уступаць у канфлікт з „Вагнэрам“ і адразу пасьля правальнага перавароту зьнішчаць патэнцыйную пагрозу. Але, тым ня менш, мне здаецца, што „Вагнэр“ усё ж будзе дачышчаны ў поўным абʼёме».
Матывы запрашэньня вагнэраўцаў у Беларусь дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны ня лічыць відавочнымі.
«Я не зусім разумею, чаго хоча Лукашэнка. Пры дапамозе „Вагнэра“ наўрад ці ён істотна павялічыць уласнае сілавое асяродзьдзе, якое зможа яго абараніць у выпадку падзеньня РФ. Падзеньне Расеі ў цяперашнім палітычным выглядзе будзе азначаць падзеньне многіх марыянэтачных рэжымаў, уключаючы таго ж Лукашэнку».
Камэнтуючы зварот міністра замежных спраў Украіны Дзьмітра Кулебы да Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе (ён заклікаў выдаць ордэр на арышт генэральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова), Падаляк сказаў, што гэта толькі пачатак працэсу.
«Па-першае, па Шаўцову заява абсалютна апраўдана. Безумоўна, нам трэба будзе далей праз Шаўцова заходзіць у так званыя фарматы фіктыўнай саюзнай дзяржавы, якая таксама актыўны ўдзел прымала ў выкраданьні ўкраінскіх дзяцей. Я думаю, што гэта ўсё сыстэмная праца, якая сапраўды прывядзе да ордэраў на арышты, ня толькі Шаўцова, але і, напэўна, кіраўніцтва Беларусі. Можна чакаць гэтага ўсяго. Гэта лёгіка працэсу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Чырвонага Крыжа Шаўцоў пра выкарыстаньне ядзернай зброі: трэба намякнуць, што мы гэта канкрэтна можам зрабіцьЗакранаючы тэму забойства Паўла Шарамета, Міхаіл Падаляк прызнаў, што сьледзтва пакуль ня можа даць адказу на шэраг істотных пытаньняў.
«Забойства да гэтага часу не атрымала належнай прававой ацэнкі. Няма юрыдычнай фіксацыі факту, хто, навошта і чаму [яго забіў], якія матывы. Нават больш за тое, няма поўнага разуменьня магчымых матываў яго забойства — з улікам таго, што ён меў дачыненьне і да Беларусі, і да Расеі, і да Ўкраіны. Гэта, на жаль, сьведчыць аб частковай нясьпеласьці праваахоўнай сыстэмы і аб няздольнасьці адказваць на сурʼёзныя рэзанансныя злачынствы эфэктыўнай юрыдычнай працай і практыкай. Але давайце дачакаемся — усё ж такі сьледзтва працягваецца. Генэральная пракуратура праводзіць неабходныя трансфармацыі ў сьледчых брыгадах. Ну і, адпаведна, паглядзім, якія будуць вынікі».
Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.