20 ліпеня 2016 году ў Кіеве загінуў журналіст Павал Шарамет. Машына, якой ён кіраваў, узарвалася. Шарамет загінуў на месцы. Злачынства да гэтага часу не раскрытае.
У 2019 годзе ўкраінскае сьледзтва назвала імёны падазраваных у выкананьні злачынства: гэта вайскоўцы Андрэй Антоненка і Яна Дугар, а таксама дзіцячая лекарка Юлія Кузьменка. Віну яны не прызналі.
За тры гады суд вывучыў пісьмовыя доказы абвінавачваньня, але так і не пачаў допыт сьведак — у справе іх 270. Нядаўна быў абраны новы склад суду, праз гэта слуханьні пачнуцца нанова.
Антоненка і Дугар цяпер на фронце ў складзе Ўзброеных сіл Украіны, таму судовы працэс можа зацягнуцца. Кузьменка вярнулася да лекарскай практыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне праз адсутнасьць прысяжных суд пачне паўторны разгляд справы аб забойстве ШараметаВэрсіяў забойства Шарамета было некалькі: прафэсійная дзейнасьць, непрыязныя адносіны з «пэўнымі людзьмі», «расейскі сьлед» — спроба дэстабілізаваць сытуацыю ў Кіеве напярэдадні мерапрыемстваў з нагоды гадавіны Хросту Ўкраіны, а таксама «беларускі сьлед» — паводле матэрыялаў, якія ўкраінскаму сьледзтву перадаў былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У расьсьледаваньні «беларускага сьледу» ў забойстве Паўла Шарамета фігуруюць два сьведкіАкрамя гэтага, разглядалі вэрсію замаху на грамадзянскую жонку Шарамета — кіраўніцу «Української правди» Алену Прытулу, якой належаў аўтамабіль.
Справу аб арганізатарах, заказчыках і мэханізмах выкананьня злачынства іншымі саўдзельнікамі адасобілі ад справы аб выканаўцах у чэрвені 2020 году. Але дагэтуль сьледзтва нічога не паведаміла ні аб выніках экспэртызы, ні аб прасоўваньні ў расьсьледаваньні «беларускага сьледу».
Павал Шарамет нарадзіўся і вырас у Беларусі, працаваў спачатку ў Менску, потым у Расеі, у 2014 годзе пераехаў у Кіеў. Пачаў супрацоўнічаць з выданьнем «Українська правда» і вёў ранішнія праграмы на «Радио Вести», на этэр якога ён ехаў у дзень гібелі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці журналіста Паўла Шарамета, загіблага 5 гадоў таму: «Забіў цынізм беларускага КДБ»