«Дзень сёньня зранку выдаўся цудоўным. Пачаўся ён зь... нечаканага тэлефанаваньня Дзяніса Івашына! Мы здолелі паразмаўляць усяго пару хвілінаў праз тэхнічныя складанасьці з майго боку. Але ж Дзяніс пасьпеў павіншаваць мяне з заўтрашнімі ўгодкамі нашага шлюбу і сказаць, што я — усё самае дарагое і важнае ў яго жыцьці! Я пасьпела яшчэ раз яго павіншаваць з народзінамі, бо майго віншавальнага ліста Дзяніс пакуль не атрымаў», — напісала Вольга Івашына ў фэйсбук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто ня ведае, чаму ён у Жодзіне». 58 дзён няма інфармацыі пра журналіста Дзяніса ІвашынаПаколькі сувязь перарвалася, а на тэлефанаваньне любы вязень гэтай турмы мае да 15 хвілін, супрацоўнікі адміністрацыі дазволілі Дзянісу патэлефанаваць другі раз, і ён зьвязаўся з маці, зазначыла Вольга.
«Такім чынам мы даведаліся, што Дзяніс, калі ўсё зь ім будзе ў парадку, зможа тэлефанаваць нам раз на месяц. Спадзяёмся, што так і будзе далей. А Дзяніс, мяркую, быў вельмі ўдзячны адміністрацыі за саму магчымасьць патэлефанаваць, бо ён быў этапаваны ў Жодзіна ўжо пасьля разьмеркаваньня чарговасьці і мусіў бы чакаць яшчэ месяц, а тут змог павіншаваць мяне і паразмаўляць з маці. Голас у Дзяніса быў, як звычайна, аптымістычны і баявы, як і ягоны настрой. Ён даведаўся трошкі навінаў пра нас, пра свайго абаронцу ды нашае лецішча, то, пэўна, застаўся задаволены. А для мяне было з рога ўсяго многа добрага за сёньня: па абедзе яшчэ дайшоў ліст № 46 з чамусьці замаляванай датай, і ў ім дадатковая прыгожая паштовачка. Але ня ўсё адразу, буду патрошкі дзяліцца з вамі сваімі скарбамі», — напісала Вольга Івашына.
- Журналіста праекту InformNapalm і газэты «Новы час» Дзяніса Івашына асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму за «ўмяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў» і «здраду дзяржаве». Пазьней яго перавялі на турэмны рэжым.