Эўразьвяз назваў атакі Расеі на ўкраінскія парты «варварствам», якое выклікае пакуты ва Ўкраіне і дэфіцыт харчоў у сьвеце

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу Жузэп Бурэль, архіўнае фота

Жузэп Бурэль заявіў, што ў гэтай сытуацыі «ёсьць толькі адно рашэньне: павялічыць вайсковую дапамогу Ўкраіне».

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу Жузэп Бурэль абвінаваціў Расею ў «варварскіх» дзеяньнях на фоне працяглых расейскіх бамбаваньняў украінскіх партоў на Чорным моры, якія прывялі да ахвяраў і прынесьлі разбурэньні збожжавым тэрміналам у Адэсе.

«Ужо трэцюю ноч інтэнсіўныя авіяналёты на Адэскі порт і інфраструктуру прыводзяць ня толькі да ахвяр сярод мірнага насельніцтва, але і да значных разбурэньняў збожжасховішчаў. Гэта варварская пазыцыя, якую Рада міністраў замежных справаў Эўразьвязу прыме да ўвагі сёньня падчас размовы зь міністрам замежных справаў Украіны Дзьмітром Кулебай, які будзе мець больш інфармацыі, але мы ўжо ведаем, што гэта створыць вялікі, велізарны харчовы крызіс у сьвеце», — заявіў Бурэль перад сустрэчай у Бруселі 20 ліпеня. Яго цытуе «Голас Амэрыкі»

Расейскія бамбаваньні пасьля выхаду Масквы зь міжнароднага Чарнаморскага пагадненьня аб збожжы і пасьля абвяшчэньня Расеяй аб намеры заблякаваць украінскія парты выклікалі рост цэнаў на збожжа на міжнародных біржах.

Бурэль заявіў, што разьвіцьцё падзей патрабуе дадатковага адказу з боку Эўропы і адзначыў, што ў гэтай сытуацыі «ёсьць толькі адно рашэньне: павялічыць вайсковую дапамогу Ўкраіне».

«Калі іх бамбяць, трэба даць супрацьпаветраныя сродкі. Калі расейцы выкарыстоўваюць бесьпілётнікі, то нам трэба забясьпечыць супрацьпаветраныя сродкі для зьнішчэньня гэтых бесьпілётнікаў», — сказаў прадстаўнік ЭЗ.

Сярод тэмаў сустрэчы ў чацьвер у Брусэлі — плян доўгатэрміновага фінансаваньня ваеннай дапамогі Ўкраіне на 20 мільярдаў эўра.

Таксама Бурэль назваў важным у гэтай сытуацыі выкарыстаньне так званых «ліній салідарнасьці» — маршрутаў транспартаваньня ўкраінскага збожжа наземным шляхам праз краіны ЭЗ, якія мяжуюць з Украінай.

17 ліпеня Масква адмовілася працягваць збожжавую ўгоду, заключаную год таму паміж Расеяй, Украінай, Турэччынай і ААН, у рамках якой быў створаны бясьпечны марскі калідор для выхаду суднаў з экспартным збожжам і іншымі сельскагаспадарчымі прадуктамі з партоў Украіны.

Крэмль растлумачыў выхад з пагадненьня тым, што ня выканалі патрабаваньняў расейскага боку аб вывазе расейскага харчу і ўгнаеньняў. МЗС Расеі заявіў аб адкліканьні гарантый бясьпекі суднаходзтва.

Па дадзеных Рады нацбясьпекі ЗША, Расея рыхтуецца атакаваць сухагрузы ў Чорным моры і ўжо ўсталявала дадатковыя марскія міны на падыходах да ўкраінскіх партоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сьвеце растуць цэны на пшаніцу пасьля пагрозы Расеі суднам у Чорным моры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ўначы зноў атакавала Адэсу і Мікалаеў ракетамі. Больш за 20 пацярпелых

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.