Суд за белую стужку
У судзе Дзяржынскага раёну вынесьлі прысуд за ўдзел у акцыі пратэсту ў Фаніпалі 14 жніўня 2020 году мясцовай жыхарцы Ладарыі Кузьняцовай. Судзьдзя Тацяна Фядчук прызначыла ёй паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») 1 год «хатняй хіміі», паведамляюць праваабаронцы.
Паводле вэрсіі абвінавачаньня, яна «ў мэтах нагнятаньня незадаволенасьці, напружанасьці і пратэставых настрояў у грамадзтве, яго правакаваньня, пры руху дэманстравала стужачку белага колеру».
Пракурор Уладзімер Рыбакоў прасіў для Ладарыі 1,5 года «хатняй хіміі». Паводле яго, «раскаяньня ў Кузьняцовай, па сутнасьці, няма, таму што на яго пытаньне аб палітычных поглядах яна адказала, што прытрымліваецца нэўтральнай пазыцыі, ня ўдзельнічае ні ў якой палітыцы, але, тым ня менш, па месцы жыхарства былі выяўленыя экстрэмісцкія налепкі («Stop вайна», «Не — вайне», «Люблю Ўкраіну») і іншая атрыбутыка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 19 ліпеня: пратэстанцкага верніка асудзілі на 14 сутакСудзяць навукоўца Юрыя Адамава
Справу Адамава ў Менскім гарадзкім судзе разглядае судзьдзя Дзіна Кучук. Палітвязьню інкрымінуюць арт. 361-2 КК («Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Юры — удзельнік беларускай супольнасьці за свабоднае праграмнае забесьпячэньне, а таксама сустваральнік навукова-папулярнага самвыду Pamylka.
Юры Адамаў вучыўся тэарэтычнай фізыцы ў БДУ, пасьля атрымаў PhD ва ўнівэрсытэце Ўорыку (Англія) у кірунку «фізыка кандэнсаваных станаў». Ён рабіў Postdoctoral-дасьледаваньне ў Брукгэйвэнскай нацыянальнай лябараторыі (штат Нью-Ёрк, ЗША) аб удасканаленьні лікавага мадэляваньня для моцна карэляваных сыстэмаў. І яшчэ адно Postdoctoral-дасьледаваньне ў тэорыі фізыкі кансэндаваных станаў у Тэхаскім унівэрсытэце A&M (ЗША).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 19 ліпеня: пратэстанцкага верніка асудзілі на 14 сутакСупрацоўніку МНС з Глыбоччыны далі 15 сутак і звольнілі з працы
Як стала вядома «Віцебскай Вясьне», Дзьмітрыя Рудака з мястэчка Падсьвільле Глыбоцкага раёна асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Судзьдзя Алена Кот прызначыла яму 15 сутак за тое, што ён на асабістай старонцы ў «Аднакласьніках» захоўваў публікацыю зь нібыта «экстрэмісцкага» інтэрнэт-рэсурсу.
Пасьля гэтага інцыдэнту супрацоўніка МНС звольнілі з працы, а ў калектывах МНС Падсьвільля і Глыбокага кіраўніцтва пачало праводзіць чысткі і прафіляктычныя гутаркі.
Вядома таксама і пра звальненьне ў Глыбокім інспэктара нагляду і прафіляктыкі раённага аддзела па надзвычайных сытуацыях Аляксея Паляка.