Падаляк: Украінскі контранаступ будзе «працяглым і цяжкім»

Дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк, архіўнае фота

Украіна чакае доўгай і зьнясільваючай барацьбы за вяртаньне акупаваных Расеяй тэрыторый, паведаміў 19 ліпеня ў інтэрвію AFP дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк.

Ён прызнаў, што прагрэс ідзе «павольней, чым мы хочам». «Безумоўна, гэта апэрацыя будзе дастаткова цяжкой, працяглай і запатрабуе дастаткова шмат часу», — сказаў ён.

Паводле Падаляка, украінскія войскі запавольваюцца з прычыны моцна замінаванай тэрыторыі, матэрыяльна-тэхнічных праблем, такіх як пастаўка зброі, і перавага Масквы ў паветры.

«Будзем аб’ектыўнымі, у Расеі ёсьць перавага ў паветры над фронтам. Вядома, нам патрэбна дадатковая бронятэхніка — дзьве-тры сотні танкаў, перш за ўсё. Нам трэба да 80 самалётаў F-16, каб добра закрыць неба, асабліва на фронце», — падкрэсьліў Падаляк.

Але ён таксама паведаміў пра пэўныя посьпехі ўкраінскага войска, адзначыўшы, што колькасьць «наступальных апэрацый», якія праводзіць украінскае войска, «паступова расьце» і што ня ўсе брыгады, гатовыя да контранаступу, адправілі ў бой.

Міхаіл Падаляк выказаў спадзяваньне, што ўкраінскі контранаступ «можа ў нейкі момант разваліць расейскую абарону ў тым ці іншым кірунку, і тады падзеі будуць разьвівацца даволі хутка».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом: украінскі контранаступ ідзе павольней, чым чакалася, але прагрэс расьце
  • Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) 16 ліпеня паведамляў, што ўкраінскія войскі зьдзейсьнілі контрнаступальныя апэрацыі сама меней на трох участках фронту і, згодна з кадрамі геалякацыі, апублікаванымі 15 ліпеня, дасягнулі абмежаваных посьпехаў на паўночны захад ад Старамаёрскага ў раёне мяжы паміж заходняй часткай Данецкай і ўсходняй часткай Запароскай вобласьці.
  • Генштаб Узброеных сіл Украіны таксама паведамляў, што ўкраінскія войскі працягваюць контрнаступальныя дзеяньні на Мелітопальскім і Бярдзянскім кірунках.
  • Паводле Мінабароны Ўкраіны, па стане на 17 ліпеня вызваленая плошча за час наступу — 210,5 квадратных кілямэтра.
  • У чэрвені прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што контранаступ — «гэта не галівудзкі фільм», бо «на карту пастаўлена жыцьцё людзей». Галоўнакамандуючы УСУ Валеры Залужны заявіў, што яго «злуюць» словы аб тым, што ўкраінскі контранаступ працягваецца «павольней, чым чакалася», і дадаў, што кожны вызвалены мэтар зямлі ўкраінскім вайскоўцам «даецца крывёй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украіна атрымае магутны сыгнал, што яна патрэбная NATO. Але ня больш за тое», — палітоляг Магда