ЗША вылучаюць Украіне новы пакет вайсковай дапамогі на 1,3 мільярда даляраў. Што ў ім

Зэнітна-ракетныя комплексы NASAMS, архіўнае ілюстрацыйнае фота

ЗША вылучаюць Украіне новы пакет вайсковай дапамогі на 1,3 мільярда даляраў, паведамляецца на сайце Пэнтагону. Гэты пакет дапамогі прадстаўлены ў рамках Ініцыятывы садзейнічаньня бясьпецы Ўкраіны (USAI).

У новы пакет уключаны:

  • чатыры зэнітна-ракетныя комплексы NASAMS і боепрыпасы да іх;
  • 152-мм артылерыйскія снарады;
  • абсталяваньне для разьмінаваньня;
  • ракеты з аптычным навядзеньнем (TOW);
  • бесьпілётныя лятальныя апараты Phoenix Ghost і Switchblade;
  • авіяцыйныя боепрыпасы;
  • сродкі процідзеяньня дронам;
  • 150 бэнзавозаў;
  • 115 машын для буксаваньня і транспартаваньня абсталяваньня;
  • 50 аўтамабіляў для рамонту абсталяваньня;
  • абсталяваньне для гарантаваньня бясьпекі партоў і гаваняў;
  • сродкі забесьпячэньня тактычнай абароненай сувязі.

«Злучаныя Штаты працягнуць працаваць са сваімі саюзьнікамі і партнэрамі, каб даць Украіне магчымасьці для задавальненьня яе неадкладных патрэбаў на полі бою і доўгатэрміновых патрэбаў у дапамозе ў галіне бясьпекі», — гаворыцца ў паведамленьні вайсковага ведамства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы Дом анансаваў пастаўкі Ўкраіне касэтных боепрыпасаў

Міністэрства абароны ЗША раней афіцыйна заявіла аб перадачы Украіне касэтных боепрыпасаў у рамках чарговага пакета вайсковай дапамогі на суму 800 мільёнаў даляраў. У гэты пакет таксама ўвайшлі 32 БМП Bradley і столькі ж бронетранспартэраў Stryker, дадатковыя боепрыпасы для ЗРК Patriot і HIMARS.

Намесьнік кіраўніка Пэнтагону ў палітычных пытаньнях Колін Каль сказаў, што Ўкраіна будзе даваць справаздачу перад ЗША аб выкарыстаньні касэтных боепрыпасаў, якія яна абавязалася выкарыстоўваць на сваёй тэрыторыі, мінімізуючы рызыкі для мірнага насельніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія, Францыя і Нямеччына на саміце NATO заявілі пра новыя пакеты дапамогі Ўкраіне