Кіраўнік польскага МЗС заявіў, што «Вагнэр» у Беларусі могуць выкарыстаць для ўзмацненьня мігранцкага крызісу

Зьбігнеў Раў

Міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў пракамэнтаваў магчымыя пагрозы з боку групы «Вагнэр» у Беларусі.

Як піша Польскае радыё, міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў пераконвае, што альянс NATO гатовы да пагроз для Сувальскага калідору з боку наймітаў з расейскай групы «Вагнэр», якія знаходзяцца ў Беларусі.

Кіраўнік польскага МЗС падкрэсьліў, што пагроза вагнэраўцамі — гэта частка гібрыднай вайны, якую Расея вядзе супраць Захаду. Але, тым ня менш, расейскія пагрозы нельга ўспрымаць легкадумна, перакананы міністар:

«Таму мы (Польшча) — дзяржава на ўсходнім фангу NATO, якая павышае ўзровень свайго ўзбраеньня і гатоўнасьці. Адначасова Паўночнаатлянтычны альянс таксама рыхтуецца да магчымых адэкватных дзеяньняў на выпадак росту пагрозы».

Падводзячы вынікі трохдзённага візыту ў Нью-Ёрк, міністра замежных спраў Польшчы спыталі аб магчымасьці выкарыстаньня войскаў Вагнэра для ўзмацненьня ціску мігрантаў на Польшчу.

Зьбігнеў Раў сярод іншага сказаў:

«Дастаткова канстатаваць факты. Той факт, што баевікі „Вагнэра“ знаходзяцца ў Беларусі, пацьвердзіў беларускі рэжым. Таксама факт, што яны павінны навучаць беларускія ўзброеныя сілы».

Міністар замежных спраў Польшчы дадаў:

«У той жа час мы ведаем, што беларускія афіцыйныя асобы да гэтага часу кіравалі і арганізоўвалі ціск мігрантаў на нашую мяжу. Так што, калі мы спалучым усе гэтыя факты, пэрпэктыва выглядае трывожнай і ў той жа час верагоднай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі Гаюн»: За дзень у Беларусь прыбылі тры буйныя калёны «Вагнэра», агулам колькасьць наймітаў ужо складае 2000-2500 чалавек