Навіны палітвязьняў: Зашчытаву павялічылі тэрмін; удаве Зельцара зьменяць умовы прымусовага лячэньня

Марыя Усьпенская, архіўнае фота

У Беларусі па стане на 18 ліпеня 1486 чалавек знаходзяцца за кратамі з палітычных матываў.

Жлобінскаму палітвязьню павялічылі тэрмін

Яшчэ аднаго палітвязьня асудзілі паводле артыкулу за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы» (ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу). На гэты раз такім спосабам тэрмін знаходжаньня за кратамі павялічылі Яўгену Зашчытаву са Жлобіна, які адбывае пакараньне ва ўмовах строгага рэжыму. У дадатак да тэрміну, на які яго асудзілі раней, судзьдзя суду Ленінскага раёну Магілёва Вікторыя Палякова 13 ліпеня дадала яму яшчэ 6 месяцаў пазбаўленьня волі.

Цяпер агульны тэрмін, на які асуджаны Зашчытаў, 3 гады і 6 месяцаў, піша «Гомельская Вясна».

Яўген Зашчытаў спачатку быў асуджаны 2 красавіка 2021 году судом Жлобінскага раёну. Тады яму прысудзілі 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму паводле арт. 364 КК (Гвалт або пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў). Прычынай стала акцыя пратэсту, якая адбылася ў Жлобіне 9-10 жніўня 2020 году пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Справу вяла судзьдзя Натальля Качалава.

У чэрвені 2022 году Яўгену зьмянілі рэжым на турэмны. Перад гэтым Зашчытава пакаралі 70 днямі штрафнога ізалятару, а потым ён яшчэ на два месяцы знаходзіўся ў памяшканьні камэрнага тыпу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Зьмітра Дашкевіча, які 11 ліпеня мусіў выйсьці на волю, завялі новую крымінальную справу

Удаве Андрэя Зельцара зьмянілі ўмовы прымусовага лячэньня

У Менскім гарадзкім судзе 18 ліпеня разглядаюць справу «аб зьмяненьні прымусовых мер бясьпекі і лячэньня» Марыі Ўсьпенскай. Яе ў закрытым рэжыме разглядае судзьдзя Алена Шылько. Месяц таму ўжо быў такі суд, але на ім судзьдзёй выступала Валянціна Зянькевіч. Падрабязнасьці і абставіны справы праваабаронцам невядомыя.

Паводле арт. 103 КК, асуджаныя мусяць праходзіць ня менш за адзін раз на паўгода псыхіятрычную і мэдычна-кансультацыйную камісіі, на падставе высноваў мэдыкаў суд прымае рашэньне.

Палітзьняволенай удаве загінулага ў перастрэлцы з супрацоўнікам КДБ IT-спэцыяліста Андрэя Зельцара Марыі Усьпенскай прызначылі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары. Яе абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка паводле арт. 16 і ч. 2 арт. 139 КК. Судзілі Марыю як «асобу, якая зьдзейсьніла грамадзка небясьпечнае дзеяньне», таму на судзе яе інтарэсы прадстаўляла яе маці.

Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).