Літва выступае за адключэньне ад расейскай сыстэмы энэргазабесьпячэньня ўжо ў пачатку 2024 году, падкрэсьліваючы, што Расея зьяўляецца агрэсарам. Аднак прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас заявіла агенцтву Reuters, што гэта непрымальна для Эстоніі, якая панясе ў гэтым выпадку асноўны цяжар выдаткаў.
«У парадку кампрамісу мы згодныя наблізіць гэты тэрмін на год. Гэта значыць адключыцца (ад расейскай энэргасыстэмы) у пачатку 2025 году», — сказала Калас, выступаючы ў кулюарах саміту NATO у Вільні на мінулым тыдні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Балтыі цалкам адмовіліся купляць расейскую электраэнэргіюУ панядзелак у інтэрвію дзяржаўнаму радыё кіраўнік літоўскага апэратара электрасетак Litgrid Рокас Масюліс заявіў, што ён зьбіраецца і надалей пераконваць Эстонію і Латвію ажыцьцявіць заплянаваны пераход раней, але будзе прытрымлівацца графіка, прапанаванага Эстоніяй.
«Мы залежым ад Эстоніі, і калі яна ня зьменіць свайго рашэньня, то, на жаль, гэта адбудзецца па яе графіку (у пачатку 2025 году)», — заявіў ён.
«Мы бачым, што адбываецца ва Ўкраіне, дзе гінуць людзі і працягваюць падаць бомбы, — я не думаю, што працягваць супрацоўнічаць з агрэсарам толькі таму, што гэта дазваляе зэканоміць некалькі цэнтаў, — гэта правільны выбар», — растлумачыў Масюліс.
У адпаведнасьці з пагадненьнем, падпісаным у 2018 годзе, лідэры краінаў рэгіёну пры падтрымцы Польшчы і Эўракамісіі і і пры эўрапейскім фінансаваньні ў памеры 1,6 млрд эўра дамовіліся мадэрнізаваць сваю інфраструктуру і адключыцца ад расейскай энэргасеткі да 2025 году.