ПА АБСЭ: пакуль Беларусь падтрымлівае расейскую агрэсію, ранейшых адносін зь ёй ня будзе

Ілюстрацыйнае фота, лога АБСЭ

Выніковая дэклярацыя 30-й штогадовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ пасылае выразны сыгнал: з Расеяй і Беларусьсю ня будзе ранейшых адносін, пакуль Расея працягвае злачынную агрэсіўную вайну, а Беларусь гэта падтрымлівае.

Такую заяву зрабіла новы віцэ-прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Даніэла Дэ Рыдэр, якая таксама ўзначальвае дэлегацыю Нямеччыны.

Паводле яе, адказныя за ваенныя злачынствы палітыкі павінны ведаць, што не застануцца беспакаранымі.

У выніковых дакумэнтах сэсіі ПА АБСЭ асуджаецца «шырокая падтрымка, якую аказвае Беларусь агрэсіі, што ажыцьцяўляецца Расейскай Фэдэрацыяй супраць Украіны», у прыватнасьці ваенная лягістыка, якая дае магчымасьць трымаць лініі забесьпячэньня, і прадстаўленьне месцаў базаваньня на тэрыторыі Беларусі, каб расейскія ўзброеныя сілы маглі «запускаць ракеты і засяроджваць войскі». На думку ПА АБСЭ, Беларусь усё больш набліжаецца да статусу актыўнага ваюючага боку.

Расея і «яе памагатая Беларусь» абвінавачваюцца ў «абуральных парушэньнях» «Прынцыпаў, што рэгулююць перадачу звычайных узбраеньняў» (прынятыя ў 1993 годзе), «Прынцыпаў, якія рэгулююць нераспаўсюджаньне» (датычацца ядзернай, хімічнай і біялягічнай/бактэрыялягічнай зброі; 1994).

Акрамя таго, ПА АБСЭ заявіла аб «мяккай анэксіі» Беларусі Расеяй.

Сэсія Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ праходзіла ў Ванкувэры з 30 чэрвеня па 4 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прызнала «мяккую анэксію» Беларусі Расеяй