Кіраўнік камітэта Дзярждумы па абароне Андрэй Картаполаў у эфіры расейскага тэлебачаньня заявіў, што ПВК Вагнэр адправілі ў Беларусь «ня толькі і ня столькі» для таго, каб навучаць беларускія ўзброеныя сілы, як паведамлялася раней.
«Ёсьць такі Сувалкскі калідор... І вось гэты Сувалкскі калідор у выпадку чаго нам вельмі патрэбны», – заявіў генэрал-палкоўнік Картаполаў.
«Гаворка ідзе пра тое, што гатовы ўдарны кулак, які гэты няшчасны калідор возьме за лічаныя гадзіны», – заявіў дэпутат, якога цытуе выданьне BILD.
Для дзейснай абароны Сувалкскага калідора неабходнае разьмяшчэньне ў Літве брыгады саюзьнікаў па NATO заявіў у чэрвені прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа на прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы ў Гаазе з удзелам генэральнага сакратара NATO Енса Столтэнбэрга і лідэраў некалькіх дзяржаў – членаў NATO.
- Сувалкскі калідор – сухапутны калідор паміж Беларусьсю і Калінінградзкай вобласьцю РФ, названы так па разьмешчаным на ім польскім горадзе Сувалкі. Расейскія прапагандысты згадваюць яго ў сувязі з тым, што гіпатэтычны захоп гэтай тэрыторыі злучыў бы Калінінградзкую вобласьць і Беларусь, «адрэзаўшы» ад іншых краін NATO Літву, Эстонію і Латвію.
- Напярэдадні беларускія незалежныя СМІ паведамілі, што першая калёна байцоў ПВК «Вагнэр» увайшла на тэрыторыю Беларусі.
- Адзін з праваенных тэлеграм-каналаў апублікаваў відэа, дзе бачныя розныя часткі калены наймітаў ПВК «Вагнэр», якія ў суботу рухаліся ў напрамку намётавага лягера ў в. Цэль. Аналіз відэа, які зрабіў тг-канал Беларускі Гаюн, паказвае, што яно было зробленае ў Магілёўскай вобласьці а 5 раніцы 15 ліпеня, а гэта азначае, што мяжу РФ-РБ гэтая калена перасекла у 3:00 начы.