Улады Ірану аб’явілі аб вяртаньні паліцыі нораваў

Паліцыя нораваў у Іране арыштоўвае жанчыну за ненашэньне хіджабу, архіўнае фота

Раней яе ліквідавалі ў выніку масавых пратэстаў. Але як толькі пратэсты сьціхлі — ісламісцкія ўлады вяртаюць старую практыку.

Сумнавядомыя падразьдзяленьні, якія зьніклі падчас пратэстаў з-за сьмерці Махсы Аміні, затрыманай за «няправільнае нашэньне хіджабу», аднаўляюць пешае і аўтамабільнае патруляваньне ў Іране, паведамляе Radio Farda.

Як і раней, патрулі «паліцыі нораваў» будуць «сачыць за выкананьнем рэлігійных нормаў і грамадзкай маралі», паведаміў прадстаўнік паліцыі.

Расфарміраваньне «паліцыі нораваў» у Іране было адным з патрабаваньняў удзельнікаў шматтысячных працяглых пратэстаў, якія ахапілі краіну восеньню. Аднак іранскія ўлады сталі жорстка перасьледаваць пратэстоўцаў, а ўвесну ўзмацнілі жорсткасьць захадаў кантролю ў грамадзкіх месцах краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране пакаралі сьмерцю двух чалавек за допісы пра Мухамада ў інтэрнэце і прапаганду атэізму

У апошнія месяцы многія жанчыны дэманстратыўна ігнаруюць патрабаваньне хадзіць з пакрытай галавой, у тым ліку і ў знак маўклівага пратэсту.

  • 22-гадовая Махса Аміні ў верасьні мінулага году была затрымана паліцыяй нораваў па абвінавачаньні ў няправільным нашэньні хіджаба. З паліцэйскага ўчастка Аміні павезьлі ў шпіталь, дзе яна празь некалькі дзён памерла. Пратэстоўцы лічаць, што прычынай яе сьмерці стала зьбіцьцё супрацоўнікамі сілавых структур.
  • Неўзабаве ў Іране пачаліся вулічныя пратэсты. Людзі выступалі зь лёзунгамі супраць паліцэйскага гвалту, супраць барацьбы іранскіх уладаў з іншадумствам, за дэмакратызацыю краіны і зьвяржэньне аяталы Алі Хамэнэі.
  • Пратэсты жорстка падаўляліся. Паводле праваабаронцаў, за час масавых акцый больш за 600 дэманстрантаў былі забітыя, каля 20 тысяч чалавек узялі пад варту. Некалькіх чалавек пакаралі сьмерцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране пакаралі сьмерцю траіх удзельнікаў антыўрадавых пратэстаў. Іх абвінавацілі ў забойстве сілавікоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Публічныя пакаяньні, Корпус вартавых як іранскі ГУБАзіК, жыцьцё пад санкцыямі. Чым падобныя рэжымы ў Беларусі і Іране