Літва і Польшча назіраюць за прыбыцьцём «Вагнера» у Беларусь. Названая колькасьць наймітаў

Збудаваны намётавы лягер у вёсцы Цэль пад Асіповічамі, спадарожнікавы здымак, 30 чэрвеня 2023 году

Літоўскія і польскія ўлады назіраюць за разьвіцьцём сытуацыі з прыбыцьцём у Беларусь наймітаў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер».

Прэс-сакратар Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы Гедрус Мішуціс заявіў, што «абарона мяжы з Беларусьсю дадаткова ўзмоцненая празь нелегальную міграцыю і праз саміт NATO, таму ўзровень нагляду і пільнасьці высокі».

«Вядома, мы будзем сачыць за сытуацыяй. Але пакуль няма прыкметаў таго, што трэба нешта рабіць», — цытуе прадстаўніка САДМ партал навін Delfi.

Узброеныя сілы Літвы сочаць за інфармацыяй пра зьяўленьне наймітаў «Вагнера» ў Беларусі. «Літоўскае войска бачыць паведамленьні, аналізуе іх і ацэньвае, асобна іх не камэнтуе, бо крыніцы не правераныя. Даныя выведкі мы не раскрываем. Цяпер працэсы, якія адбываюцца ў суседніх краінах, асаблівай пагрозы не ўяўляюць», — прыводзіць камэнтар літоўскіх вайскоўцаў Delfi.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі Гаюн»: Буйная калёна ПВК «Вагнэр» прыбыла ў Беларусь

Дзяржаўны сакратар канцылярыі прэм’ер-міністра і намесьнік каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станістаў Жарын паведаміў, што Варшава сочыць за сытуацыяй з вагнераўцамі на беларускай тэрыторыі.

«Група „Вагнера“ прысутнічае ў Беларусі. Прыбылі першыя вагнераўцы, на гэты момант іх можа быць некалькі сотняў», — напісаў ён у «Твітары».

У відэакамэнтарыі пад паведамленьнем чыноўнік адзначыў, што пакуль невядома, колькі наймітаў гэтай групоўкі ў канчатковым выніку прыбудзе на беларускую тэрыторыю. Гэтае пытаньне, падкрэсьліў ён, «знаходзіцца пад кантролем польскіх спэцслужбаў».

«Мы ведаем адно: расейцы будуць выкарыстоўваць групу „Вагнера“ так, як яны гэта робяць па ўсім сьвеце. Дэ-факта вагнераўцы выконваюць місіі Крамля і ад імя Крамля», — заявіў Жарын.

Цэнтр нацыянальнага супраціву (падразьдзяленьне пры камандаваньні сіл спэцаперацый Мінабароны Ўкраіны) са спасылкай на «беларускае падпольле» заявіў, што ў раён Асіповічаў (Магілёўская вобласць) прыбыло каля 240 байцоў гэтай групоўкі, 40 грузавікоў і «вялікая колькасьць узбраеньня» — «з мэтай правядзеньня трэніровак і зладжваньня падразьдзяленьняў ПВК «Вагнер».

  • 15 ліпеня маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» паведаміў, што ўначы ў раёне Крычава (Магілёўская вобласьць) у Беларусь заехала ня менш за 60 аўтамабіляў вагнераўцаў — пікапы, фуры, аўтобусы ды інш. Сьцьвярджалася, што калёна ў суправаджэньні ДАІ накіравалася праз Рагачоў у бок Бабруйска, а затым на Асіповічы.
  • Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны ў агульных рысах пацьвердзіла інфармацыю пра перакідку байцоў «Вагнера» на беларускую тэрыторыю.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.