У ноч на 15 ліпеня расейскае войска атакавала Ўкраіну шасьцю дронамі «Shahed-136/131» з паўднёвага напрамку, паведамляе камандаваньне Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны.
Украінскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што ўдалося зьбіць чатыры з шасьці бесьпілётнікаў.
У Запарожжы ў выніку атакі расейскага войска пацярпеў 62-гадовы мясцовы жыхар. Яго шпіталізавалі ў стане сярэдняй цяжкасьці, паведаміў сакратар Запароскай гарадзкой рады Анатоль Курцаў. Паводле яго, з прычыны ўдару таксама пашкоджаны аб’ект інфраструктуры, а ў чатырох шматпавярховых дамах вылецелі шыбы.
Тры дроны «Shahed-136/131» былі зьбітыя сіламі СПА ў Мікалаеўскай вобласьці, распавёў кіраўнік абласной адміністрацыі Віталь Кім.
Паветраная трывога гучала ў Сумскай, Палтаўскай, Харкаўскай, Днепрапятроўскай і Данецкай абласьцях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея другі раз за месяц атакавала Кіеў бесьпілётнікамі. СПА зьбіла ўсе цэлі