Міністэрства абароны Беларусі і кіраўніцтва расейскай ПВК «Вагнэр» выпрацавалі «дарожную мапу» па «падрыхтоўцы і перадачы досьведу паміж падразьдзяленьнямі розных войскаў» на бліжэйшую пэрспэктыву, паведаміла 14 ліпеня прэс-служба Мінабароны.
Раней 14 ліпеня Мінабароны паведаміла, што інструктары ПВК «Вагнэр» пад Асіповічамі пачалі заняткі з падразьдзяленьнямі тэрытарыяльных войскаў. У ведамстве заявілі, што вагнэраўцы «перадаюць беларусам свой баявы досьвед, расказваюць розныя нюансы дзеяньняў у існым становішчы».
12 ліпеня намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі — камандуючы Ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў заявіў, што МУС вядзе перамовы аб падрыхтоўцы вагнэраўцамі беларускіх сілавікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Асіповічамі пачаліся заняткі тэрытарыяльных войскаў з інструктарамі ПВК «Вагнэр»- 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын фактычна ініцыяваў працэс ваеннага перавароту ў Расеі. У выніку дамоўленасьцяў, у тым ліку з Аляксандрам Лукашэнкам, на наступны дзень ён спыніў свой марш на Маскву. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін дазволіў кіраўніку «Вагнэра» зьехаць у Беларусь. 27 чэрвеня Лукашэнка пацьвердзіў прыбыцьцё Прыгожына. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з таго часу кіраўнік узброенай групоўкі некалькі разоў пакідаў Беларусь.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вярбоўку ў свае шэрагі. Гэта было патлумачана часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь». Іншыя падрабязнасьці не прыводзіліся.
- 27 чэрвеня СМІ паведамілі пра рамонт былой вайсковай часткі ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну і пашырылі зьвесткі пра тое, што ў лягеры могуць разьмясьціцца баевікі ПВК «Вагнэр». Пакуль намётавы лягер не заселены.
- 6 ліпеня Лукашэнка заявіў прадстаўнікам замежных мэдыя, што ў Беларусі не ўзводзяцца лягеры для вагнэраўцаў і кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгена Прыгожына на тэрыторыі Беларусі няма. Паводле яго, пытаньне аб перадысьлякацыі і разьмяшчэньні ПВК «Вагнэр» у Беларусі пакуль ня вырашана і гэта залежыць не ад яго, а ад рашэньня расейскага боку і саміх «вагнэраўцаў».
- 7 ліпеня лягер пад Асіповічамі наведалі замежныя журналісты. Памочнік міністра абароны па ідэалягічнай працы ва Узброеных сілах Леанід Касінскі заявіў ім, што «апэратыўныя групы» ПВК «Вагнэр» пакуль «не прыяжджалі, не вызначаліся, не глядзелі» намётавы гарадок. Паводле яго, лягер здольны зьмясьціць каля 5 тысяч чалавек.