Пра гэта паведамляе ВВС.
Касьмічны карабель «Чандраян-3» стартаваў з касьмічнага цэнтру, разьмешчанага на высьпе ў Бэнгальскай затоцы.
Па словах прадстаўнікоў Індыйскай арганізацыі касьмічных дасьледаваньняў (ISRO), пасадачны модуль дабярэцца да Месяца 23-24 жніўня, і ў выпадку посьпеху экспэдыцыі Індыя стане чацьвёртай краінай у сьвеце пасьля ЗША, СССР і Кітая, якой удалося зьдзейсьніць мяккую пасадку свайго карабля на Месяцы.
Як вынікае з парадкавага нумара карабля, гэта ўжо трэцяя місія ў амбіцыйнай індыйскай праграме вывучэньня Месяца. Першая была запушчана яшчэ ў 2008 годзе, і тады ў выніку пошукаў індыйцам удалося ўпершыню выявіць сьляды вады на паверхні і высьветліць, што ў дзённы час у спадарожніка Зямлі зьяўляецца нязначная, але ўсё ж атмасфэра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Індыя адправіла міжплянэтную станцыю да МесяцаДругая місія «Чандраян-2» была запушчана ў 2019 годзе, аднак аказалася пасьпяховай толькі напалову.
Яе арбітальны модуль па-ранейшаму круціцца вакол Месяца і вывучае яго, аднак пасадачны модуль з-за збою, які адбыўся ў апошнюю хвіліну ў сыстэме тармажэньня, ажыцьцявіў цьвёрдую пасадку і выйшаў з ладу.
Калі гэтым разам усё пройдзе гладка, «Чандраян-3» вагою амаль 4 тоны і коштам $ 75 млн завершыць тое, што не ўдалося яго папярэдніку.
Індыйская месяцавая касьмічная праграма была задуманая яшчэ ў пачатку 2000-х, калі ў IT-індустрыю прыйшло шмат маладых таленавітых людзей, і ў краіне пачаўся росквіт высокіх тэхналёгіяў.
Паводле дырэктара праекту «Чандраян» Мілсвамі Анадураі «канчатковая мэта індыйскіх місіяў палягае ў тым, каб аднойчы Месяц стаў адным з зямных кантынэнтаў, а мы былі б не пасіўнымі гледачамі, а жылі актыўным жыцьцём на гэтым кантынэнце з добрай абаронай, і мы павінныя працаваць у гэтым кірунку».