Адзін чалавек загінуў у Кіеве ў выніку атакі расейскіх бесьпілётнікаў

Наступствы ўдару расейскага бесьпілётніка па Кіеве, 12 ліпеня 2023

Трэцюю ноч запар сілы СПА Ўкраіны зьбіваюць расейскія дроны ў раёне Кіева. Улады горада паведамілі пра чацьвярых пацярпелых і адным загінулым у ноч на 13 ліпеня.

У паветранай прасторы Кіева ў ноч з 12 на 13 зафіксавалі расейскія бесьпілётнікі, паведамілі ў Кіеўскай абласной вайсковай адміністрацыі.

«Сілы СПА працуюць па цэлях», — гаварылася ў паведамленьні адміністрацыі горада ў Telegram.

У некалькіх раёнах былі чуваць выбухі і гукі падзеньня абломкаў.

У Падольскім раёне падчас тушэньня ўзгараньня ў шматкватэрным жылым доме знайшлі цела загінулага, паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко.

Ён таксама напісаў у Telegram, што ў Дарніцкім раёне ў выніку падзеньня абломкаў разбураны фасад жылога дома. Двух чалавек шпіталізавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея другі раз за месяц атакавала Кіеў бесьпілётнікамі. СПА зьбіла ўсе цэлі

У Шаўчэнкаўскім раёне Кіева загарэўся балькон шматкватэрнага дома, у выніку чаго пацярпелі два чалавекі.

У Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі таксама паведамілі аб падзеньні абломкаў у Саломенскім раёне. Там дадалі, што на месцы здарэньняў выехалі экстраныя службы, інфармацыя аб пацярпелых удакладняецца.

УСУ аб’явілі паветраную трывогу ў ноч на 13 ліпеня у некалькіх рэгіёнах Украіны. Узброеныя сілы Ўкраіны папярэдзілі ў Telegram аб магчымых пусках дронаў і ракет «Калібр» з боку Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Вялікай Брытаніі: «Расея страціла палову сваіх баявых магчымасьцяў ва Ўкраіне»