11 ліпеня прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што «Беларусь больш не незалежная краіна, фактычна гэта адна з губэрняў Расеі».
Наўсёда нагадаў журналістам аб ролі Беларусі ў поўнамаштабным ваенным уварваньні Расеі ва Ўкраіну, а таксама аб прысутнасьці расейскіх войскаў на беларускай тэрыторыі, і што плян па разьмяшчэньні расейскай тактычнай зброі ў Беларусі «знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы: «Беларусь больш не незалежная краіна, фактычна гэта адна з губэрняў Расеі»12 ліпеня, у пачатку другога дня саміту NATO у Вільні, журналісты «Белсату» зьвярнуліся да кіраўнікоў Польшчы, Латвіі і Эстоніі з пытаньнем пра Беларусь і тое, ці аддзяляюць сёньня палітыкі рэжым і грамадзянаў краіны.
Прэм’ер-міністар Эстоніі Кая Калас сказала, што пакуль Лукашэнка будзе кіраваць краінай, Беларусь будзе лічыцца суагрэсарам у вайне, бо яны дзейнічаюць разам з Расеяй.
Прэмʼер Латвіі Артурс Крыш’яныс Карыньш таксама выказаўся пра гэта.
«Мы сёньня бачым Беларусь як працяг Расеі. Беларусь страціла сувэрэнітэт, калі паглядзець на сытуацыю мілітарыстычную, на сытуацыю з санкцыямі, то мы бачым, што Беларусь — гэта частка Расеі», — адзначыў латвійскі палітык.
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда расказаў, што падчас сустрэч у Вільні закраналі пытаньне Беларусі.
«Не было нейкай вялікай дыскусіі аб гэтай справе ўчора. У гэтым кантэксьце ўсходняга флянгу NATO, будучыні Ўкраіны, пагрозаў для Ўкраіны памятаем, што адной з гіпатэтычных пагрозаў ёсьць таксама і патэнцыйная прысутнасьць наймітаў з ПВК „Вагнэр“ у Беларусі. Яны (хто ведае?), магчыма, будуць служыць таму, каб ствараць чарговыя пагрозы менавіта для Ўкраіны з поўначы», — заявіў кіраўнік Польшчы.
Беларусь павінна спыніць дапамогу Расеі ў вайне і спыніць варожыя дзеяньні ў адносінах да суседніх краінаў. Заклік да такіх крокаў змешчаны ў выніковым камюніке сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін – чальцоў NATO. Усяго Беларусь згадваецца ў дакумэнце сем разоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO умацоўвае мяжу зь Беларусьсю перад самітам Альянсу ў Вільні