Алесь Пушкін стаў яшчэ адным, які страціў жыцьцё ў жахлівых умовах, палітвязьнем рэжыму, «што кожны дзень пазбаўляе Беларусь такога вялікага патэнцыялу і жыцьцёвай сілы». Так амбасада ЗША ў Беларусі пракамэнтавала сьмерць мастака.
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША напісаў у Twitter
«Ушаноўваем памяць мастака Алеся Пушкіна. Пушкін памёр сёньня, несправядліва адбываючы 5 гадоў зьняволеньня ў Беларусі за працу свайго жыцьця ў стварэньні самабытнага мастацтва. Рэжым Лукашэнкі нясе поўную адказнасьць за абыходжаньне са зьняволенымі і павінен быць прыцягнуты да адказнасьці».
Генэральны сакратар Рады Эўропы Марыя Пейчынавіч-Бурыч напісала, што «ўзрушаная сьмерцю ў турме Алеся Пушкіна, палітвязьня і беларускага мастака».
«Мае думкі зь яго сям’ёй і сябрамі», — дадала яна.
Дэпутат Бундэстагу ад нямецкай партыі «Саюз-90/зялёныя» Робін Вагенэр выказаў «самыя глыбокія спачуваньні» блізкім Пушкіна:
«Мы ня можам ігнараваць зьверствы беларускага рэжыму. Мы не здадзімся, пакуль ня выйдзе апошні з усіх палітвязьняў», — падкрэсьліў ён.
«У Беларусі памёр яшчэ адзін палітвязень — Алесь Пушкін, мастак, абвінавачаны ў „злачынстве“, выяве змагара антысавецкага супраціву. Нашы думкі — зь ягонай сямʼёй. У Беларусі больш за 1500 палітвязьняў. Усе яны павінны быць вызваленыя», — падкрэсьліў упаўнаважаны МЗС Нямеччыны па краінам Цэнтральнай Азіі, Усходняй Эўропы і Каўказу Матыяс Лютэнбэрг.
Эўрадэпутатка Мірыям Лексман напісала ў Twitter:
«Вельмі сумныя навіны зь Беларусі. Сьмерць спадара Пушкіна ў турме яшчэ раз сьведчыць пра ігнараваньне жыцьцямі людзей з боку незаконнага рэжыму. Яны некалі адкажуць за свае злачынствы!»
Француская газэта Le Monde напісала ў Twitter:
«У турме памёр беларускі мастак Алесь Пушкін, які выкінуў гной ля офіса Аляксандра Лукашэнкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён трапіў у шпіталь 10 ліпеня». Што вядома пра апошнія месяцы і тыдні жыцьця Алеся ПушкінаАлесь Пушкін — вядомы беларускі мастак, асуджаны да 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. За кратамі ён быў з сакавіка 2021 году. Яго абвінавацілі ў зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў (арт. 370 КК) і ў распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці ці звады (ч. 3 арт. 130 КК).
Прысуд яму вынесла судзьдзя Алена Шылько, пракурорам у справе быў Аляксандар Кароль. Падчас закрытага працэсу Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту.
Пакараньне Пушкін адбываў у Івацэвіцкай калёніі. 22 лістапада 2022-га Алеся Пушкіна перавялі ў горадзенскую турму № 1 на строгі рэжым. У гэтай турме ён і знаходзіўся да сьмерці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акцыя памяці Пушкіна ў Варшаве. Латушка паскардзіўся на «маруднасьць эўрапейскіх партнэраў», Пазьняк заклікаў стварыць «беларускі трыбунал»