У Беларусі з палітычных матываў пазбаўлены волі больш за 150 прадстаўнікоў сфэры культуры, заявіў кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) Павал Латушка 11 ліпеня на акцыі памяці мастака Алеся Пушкіна каля беларускай амбасады ў Варшаве.
«Сьмерць Алеся — гэта як часьцінку беларускай душы вырвалі кіпцюрамі. Але яны задушацца гэтай часьцінкай», — сказаў Латушка.
Ён выказаў словы ўдзячнасьці Пушкіну і «ўсім тым, хто да нас, сёньняшніх палітыкаў, якія прыйшлі ў гэтую справу толькі цяпер, асэнсаваў гэта і сказаў публічна, пачаў змагацца за незалежную вольную Беларусь».
Кіраўнік «НАУ» раскрытыкаваў улады замежных краін і міжнародныя структуры за маруднасьць у пытаньні ўнівэрсальнай юрысдыкцыі ў адносінах да злачынстваў супраць чалавечнасьці ў Беларусі:
«Я адказваю за пытаньне санкцый, і мне баліць душа і хочацца часам біцца галавой аб сьцяну ад таго, што не прыцягваюць да адказнасьці ўсіх тых, хто зьдзяйсьняе гэтыя забойствы, гэтыя злачынствы».
Паводле яго, «эўрапейскія партнэры вельмі марудныя, вельмі павольныя. Яны вельмі доўга думаюць аб тым, колькі яшчэ павінна быць забітых беларусаў, каб пачалі працаваць інстытуты адказнасьці», — дадаў экс-дыплямат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён трапіў у шпіталь 10 ліпеня». Што вядома пра апошнія месяцы і тыдні жыцьця Алеся ПушкінаСтаршыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк заявіў на акцыі, што Пушкіна забілі.
Палітык прапанаваў стварыць за мяжой «беларускі трыбунал» над прадстаўнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
«Дастаткова ёсьць юрыстаў, каб стварыць і легітымізаваць яго. Правесьці сьледзтва і вынесьці выракі на аснове Канстытуцыі 1994 году і нашага Крымінальнага кодэксу», — сказаў Зянон Пазьняк.
Іншым варыянтам ён назваў «народны трыбунал» з вылучэньнем усіх ахвотных.
«Мы гэта можам рабіць самі. І гэта аб’яднае ўсіх, незалежна ад палітычнай арыентацыі», — лічыць Пазьняк.
Акцыя каля амбасады сабрала каля 70 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён іх заўсёды раздражняў сваёй беларускай мовай». Згадвае сяброўка Пушкіна, чые партрэты ён маляваў за кратаміАлесь Пушкін — вядомы беларускі мастак, асуджаны да 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. За кратамі ён быў з сакавіка 2021 году. Яго абвінавацілі ў зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў (арт. 370 КК) і ў распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці ці звады (ч. 3 арт. 130 КК).
Прысуд яму вынесла судзьдзя Алена Шылько, пракурорам у справе быў Аляксандар Кароль. Падчас закрытага працэсу Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту.
Пакараньне Пушкін адбываў у Івацэвіцкай калёніі. 22 лістапада 2022-га Алеся Пушкіна перавялі ў горадзенскую турму № 1 на строгі рэжым. У гэтай турме ён і знаходзіўся да сьмерці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Пушкін: фрагмэнты жыцьця. Фотагалерэя ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малюнкі Алеся Пушкіна з турмы