У шпіталі памёр палітзьняволены мастак Алесь Пушкін

Алесь Пушкін

У рэанімацыі пры нявысьветленых абставінах памёр палітзьняволены мастак Алесь Пушкін, паведамляе ягоная жонка. Алесю Пушкіну было 57 гадоў.

Алесь Пушкін — вядомы беларускі мастак, асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. Яго абвінавацілі ў зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў (арт. 370 КК) і ў распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці ці звады (ч. 3 арт. 130 КК).

Прысуд яму вынесла судзьдзя Алена Шылько, пракурорам па справе быў Аляксандар Кароль. Падчас закрытага працэсу Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту.

Пакараньне Пушкін адбываў у Івацэвіцкай калёніі. 11 лістапада судзьдзя Івацэвіцкага раёну Аляксандар Кірыловіч пастанавіў перавесьці Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года. 22 лістапада 2022-га Алеся Пушкіна перавялі ў горадзенскую турму № 1 на строгі рэжым.

Як стала вядома Свабодзе, 10 ліпеня Алесь Пушкін трапіў у горадзенскі шпіталь. У ноч з 10 на 11 ліпеня ён памёр. Паводле жонкі Яніны, гэта адбылося «пры нявысьветленых абставінах».

Як расказала Свабодзе абазнаная крыніца, Алесь Пушкін пісаў у апошніх лістах, што за кароткі час схуднеў на 20 кіляграмаў. Да таго ж ён прасіў перадаць яму пояс для паясьніцы, бо яму балелі ныркі. Паводле інфармацыі крыніцы Свабоды, Алеся Пушкіна даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі ў Горадні непрытомнага. Яму рабілі апэрацыю, падчас якой сэрца мастака спынілася.

Інфармацыю пра сьмерці Пушкіна «Медыязоне» пацьвердзілі ў горадзенскай турме № 1, дзе ўтрымліваўся палітычны зьняволены. Праз тэлефон у турме параілі «зьвярнуцца ў Шпіталь хуткай дапамогі». Па нумары прыёмнага галоўнага лекара карэспандэнту выданьня адмовіліся назваць месца сьмерці мастака.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​«Ён трапіў у шпіталь 10 ліпеня». Што вядома пра апошнія месяцы і тыдні жыцьця Алеся Пушкіна

Ціханоўская: «Людзі не павінны паміраць у турмах​»

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала інфармацыю пра сьмерць палітвязьня Алеся Пушкіна. Яна выказала шчырыя спачуваньні жонцы Алеся, яго блізкім і сябрам, і адзначыла, што сёньня «Беларусь страціла таленавітага і бясстрашнага чалавека».

«Алесь быў зьняволены за сваю творчасьць, якая была ўвасабленьнем нязломнага духу беларускага народа. Ён марыў пра свабодную і дэмакратычную Беларусь. І нашая мэта — разам працягваць справу Алеся і наблізіць Беларусь яго мары», — сказала Ціханоўская.

Яна папрасіла ўсіх, хто ведае нешта пра сьмерць Алеся, перадаць гэтую інфармацыю ягонай жонцы, незалежным мэдыя ці праваабаронцам, бо «людзі не павінны паміраць у турмах» і беларусы мусяць ведаць праўду пра тое, што робіць рэжым.

«Кожная сьмерць палітзьняволенага — адказнасьць рэжыму і асабіста Лукашэнкі, які трымае іх у нечалавечых умовах», — падкрэсьліла Ціханоўская.

Хто такі Алесь Пушкін

Палітвязень Алесь Пушкін за кратамі з сакавіка 2021 году. Вядомага беларускага мастака затрымалі 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну. Усё адбылося проста ў царкве, на рэстаўрацыі якой Алесь Пушкін працаваў. Да аб’екта прыехала група сілавікоў і запрасіла мастака ехаць зь імі. Калі Пушкін адмовіўся, яго проста вынесьлі з будынку на руках, а пасьля адправілі ў горадзенскую турму.

30 сакавіка 2022 году Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў калёніі строгага рэжыму. Крымінальную справу разглядаў Менскі гарадзкі суд, судзьдзя Алена Шылько, пракурорам па справе быў Аляксандар Кароль. Мастака прызналі вінаватым у «наўмысных дзеяньнях у рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асобаў», і ў «зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў». Падставай для абвінавачаньняў сталі карціны з цыклю «Беларускі супраціў» і пэрформанс, які ён правёў ва Ўкраіне.

Вяртаючыся з Кіева, Пушкін ведаў, што на яго на радзіме завялі крымінальную справу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволены мастак Алесь Пушкін выразаў лязом крыж на сваім целе

Упершыню Алесь Пушкін стаў фігурантам адміністрацыйнай і крымінальнай справы яшчэ ў часы СССР. У 1988 годзе атрымаў 5 дзён арышту за тое, што заклікаў людзей выходзіць на «Дзяды».

Наступны судовы працэс над Алесем Пушкіным прайшоў роўна празь дзесяць гадоў і займеў шырокі розгалас ня толькі ў мастацкіх колах. Першы тэрмін кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі паводле Канстытуцыі 1994 году канчаўся 21 ліпеня 1999-га. У гэты дзень Пушкін зьявіўся ля будынку Адміністрацыі з тачкай гною, у якую ўсадзіў драўляную таблічку з падзякай першаму прэзыдэнту: «За працу». Мастака тут жа схапілі міліцыянты, але ўжо празь некалькі гадзін адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Пазьней Пушкіна зноў асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кім быў Алесь Пушкін, беларускі мастак, які памёр у зьняволеньні

Застацца ў Кіеве Пушкіна прасіў міністар замежных спраў Украіны

Мастак Андрэй Дурэйка, адзін з куратараў выставы «Кожны дзень», у якой Алесь Пушкін браў удзел у Кіеве, расказаў раней Свабодзе, што канчатковае рашэньне вярнуцца ў Беларусь Пушкін прымаў ужо ў аэрапорце.

«Была прапанова ад міністра замежных спраў Украіны застацца. Гэта здарылася ўжо ў апошні момант, проста ў аэрапорце, калі Алесь даведаўся пра крымінальную справу, — расказаў пасьля арышту Пушкіна Андрэй Дурэйка. — З Алесем мы знаёмыя даўно, з 1992 году. Як мастак-акцыяніст, як мастак, які працуе з палітычным кантэкстам, гэта адна з самых вядомых і яркіх асобаў сучаснага беларускага мастацтва. Яго ўплыў вельмі важны, у тым ліку і за межамі прафэсійнага мастацтва».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У аднаўленьні палаца ў Жылічах удзельнічаў мастак-палітвязень Алесь Пушкін. Там яго і арыштавалі