Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў аб неабходнасьці для NATO ўлічваць пагрозы зь Беларусі пасьля таго, як яе «праглынула» Расея.
Як паведаміў партал Delfi.lt, Гітанас Наўседа заклікаў хаўрусьнікаў па Паўночнаатлянтычным альянсе зьвярнуць увагу на бясьпеку рэгіёну ў кантэксьце з сытуацыяй у Беларусі.
«Сытуацыя ў нашым рэгіёне, на жаль, небясьпечная. Вы бачыце, што адбываецца вакол нас, і мы бачым, што Расейская Фэдэрацыя „праглынула“ Беларусь. І мы бачым, што Беларусь становіцца дадатковай ніткай, дадатковым фактарам у пытаньні рэгіянальнай бясьпекі. З гэтай прычыны мы просім NATO, нашага наймацнейшага хаўрусьніка ЗША, пасьлядоўна ўдзяляць увагу бясьпецы нашага рэгіёну», — цытуе выданьне выказваньне літоўскага прэзыдэнта падчас сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Столтэнбэрг пра ядзерную зброю ў Беларусі: пакуль не заўважылі зьменаў пазыцый, на якія варта рэагавацьBpn-info.online піша, што перад пачаткам саміту NATO Гітанас Наўсёда нагадаў журналістам аб ролі Беларусі ў поўнамаштабным ваенным уварваньні Расеі ва Ўкраіне, а таксама аб прысутнасьці расейскіх войскаў на беларускай тэрыторыі.
Палітык таксама заявіў, што плян па разьмяшчэньні расейскай тактычнай зброі ў Беларусі «знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі, мы ведаем гэта». «Толькі пытаньне часу, калі гэты працэс закончыцца», — цытуе агенцтва літоўскага прэзыдэнта.
Паводле Наўседы, «Беларусь больш не незалежная краіна, фактычна гэта адна з губэрняў Расеі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны NATO ўзгаднілі пляны на выпадак нападу Расеі