У Беларусі цягам трох гадоў сілавікі штодзённа робяць адвольныя затрыманьні беларусаў, пагромы ў іх кватэрах. Некаторых затрыманых б'юць, адпраўляюць на «суткі», а потым неаднаразова перазатрымліваюць у межах новых справаў, паведамляюць праваабаронцы. У чэрвені «Вясьне» стала вядома мінімум пра 560 выпадкаў затрыманьняў — прыкладна па 18 чалавек штодня.
Судзьдзі прызначылі 184 адміністрацыйныя арышты і 151 штраф. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у чэрвені значна павялічылася колькасьць затрыманых пасьля перасячэньня мяжы зь Беларусьсю — такіх было ня менш за 36 чалавек, якіх асудзілі за «экстрэмісцкія» падпіскі і рэпосты.
Праваабаронцы сьведчаць, што за апошнія некалькі месяцаў сытуацыя на межах Беларусі значна пагоршылася — людзі сутыкаюцца з поўным надглядам рэчаў, допытамі супрацоўнікамі КДБ, праверкай тэлефонаў, а таксама іх просяць паказаць дазволы на жыхарства іншых краін, пасьля чаго фатаграфуюць і скануюць дакумэнты.
Часам людзей затрымліваюць проста на мяжы ў адміністрацыйных і крымінальных справах. Калі ў тэлефоне знойдуць «экстрэмісцкія» рэпосты або падпіскі, фота ці відэа з пратэстаў, бел-чырвона-белую сымболіку, то чалавека здымаюць з аўтобуса, надзяваюць кайданкі і адвозяць у найбліжэйшы ІЧУ да суду.
Так, па дадзеных «Вясны», у чэрвені над затрыманымі на мяжы адбыліся суды ў васьмі прымежных гарадах і мястэчках па ўсёй Беларусі: у Воранаве, Астраўцы, Ашмянах, Браславе, Лёзьне, Гарадку, Дуброўне, Берасьці.
- Напрыклад, толькі ў Воранаве, побач зь якім знаходзіцца прапускны пункт Беняконі (мяжа зь Літвой), адбылося ня менш за 13 судоў паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджаньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). У выніку чаго 12 чалавек пакаралі штрафамі ў памеры ад 15 да 25 базавых велічыняў (555–925 рублёў), яшчэ двух мужчын арыштавалі на 5 і 15 дзён.
- У Астраўцы цягам мінулага месяца асудзілі чатырох мужчын — іх затрымалі ў пункце пропуску «Лоша» і пазьней абвінавацілі ў падпісках у Telegram на «экстрэмісцкія» каналы. Суд Астравецкага раёну аштрафаваў трох мужчын на 20 базавых велічыняў (740 рублёў), а студэнта — на 30 базавых велічыняў (1110 рублёў).
- Суд Ашмянскага раёну прызначыў вялікія штрафы чатыром беларусам, затрыманым падчас праверкі ў пункце пропуску «Каменны лог». Іх таксама прызналі вінаватымі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».
- У Браславе на пачатку чэрвеня адбыўся суд над мужчынам, якога затрымалі на мяжы зь Літвой у пункце пропуску «Відзы». Яго абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП за падпіскі на «экстрэмісцкія» акаўнты ў Instagram.
- Паводле матэрыялаў справы, пасьля праверкі тэлефона на мяжы супрацоўнікі патэлефанавалі ў Браслаўскі РАУС з паведамленьнем пра затрыманьне мужчыны за «распаўсюд экстрэмізму». Туды адразу выехалі супрацоўнікі РАУС, забралі мужчыну і зьмясьцілі яго пад варту да суду. Суд прызначыў беларусу 15 дзён арышту.
Акрамя гэтага, у мінулым месяцы асудзілі ня менш за 13 чалавек, затрыманых на беларуска-расейскай мяжы.
Так, напрыклад, супрацоўніка ААТ «Нафтан» Мікіту Белавусава аштрафавалі за распаўсюд «экстрэмізму» — яго знайшлі памежнікі на беларуска-расейскай мяжы.
Аднаго з мужчын адправілі за краты за рэпост з тэлеграм-канала «Павел Латушка» паведамленьня «Президент Зеленский белорусам». На судзе мужчына патлумачыў, што ня ведаў аб прызнаньні гэтага канала «экстрэмісцкім».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расказвалі, як трэба Лукашэнку любіць». Сьвежыя гісторыі аб праверках на беларускіх межах ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «200 палітвязьням патрэбная экстраная мэддапамога». Вялікае інтэрвію з былой палітзьняволенай, прадстаўніцай Кабінэту Вольгай Гарбуновай