Такое меркаваньне выказаў журналіст расейскага цэнтру «Дасье» Ільля Раждзественскі ў інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время».
Сёньня ў Крамлі пацьвердзілі, што Уладзімір Пуцін сустракаўся з Яўгеніем Прыгожыным 29 чэрвеня, ужо пасьля спробы мяцяжу ў Расеі. Улады РФ маўчалі пра гэта амаль два тыдні, але пра сустрэчу ад заходняй разьведкі даведалася француская газэта — і факт пацьвердзіў Дзьмітры Пяскоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі пацьвердзілі інфармацыю пра сустрэчу Прыгожына з Пуціным пасьля мяцяжуЧаму пасьля мяцяжу Прыгожына не арыштавалі, пра што яны маглі гаварыць з Пуціным і якой будзе роля стваральніка ПВК пасьля «маршу» на Маскву? Пра гэта ў інтэрвію «Настоящему времени» распавёў аўтар расьсьледаваньняў аб Прыгожыне, журналіст цэнтру «Дасье» Ільля Раждзественскі.
— У прынцыпе, Яўгенію Прыгожыну ўсё ўдалося, ён захаваў групу «Вагнэр», і яна ў яго распараджэньні па вялікім рахунку. І зараз яму можна абмяркоўваць будучыню яго маштабнай бізнэс-імпэрыі — нават ня столькі бізнэс-імпэрыі, колькі праектаў у Афрыцы. Таму што насамрэч гэта цяпер ключавы актыў Яўгена Прыгожына. Яго найміты, хутчэй за ўсё, верныя яму ў сваёй большасьці. Яны знаходзяцца ў афрыканскіх краінах, падтрымліваюць там ня столькі бізнэс самога Прыгожына, колькі расейскі ўплыў, у першую чаргу.
Крамлю зараз было б ня вельмі выгадна выцягнуць адтуль усіх гэтых наймітаў — і, акрамя таго, ня вельмі зразумела, як гэта зрабіць. Таму што ў гэтым выпадку Крэмль губляе свой уплыў у такіх краінах як ЦАР, Судан, Малі і мноства іншых дзяржаваў, дзе бачылі нядаўна, у апошнія гады наймітаў з групы «Вагнэр». Больш за тое, афрыканскія лідэры самі просяць і сваіх партнэраў у Эўропе і Злучаных Штатах, і тэлефануюць з гэтым у міністэрства замежных справаў РФ Сяргею Лаўрову — што найміты ім патрэбныя. Яны шмат у чым, прынамсі ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, у прынцыпе трымаюцца на падтрымцы групы «Вагнэр» і яе супрацоўнікаў.
Адпаведна, зараз трэба неяк Крамлю з Прыгожыным абмеркаваць, што рабіць з гэтымі праектамі. І, як кажуць суразмоўцы цэнтра «Дасье», блізкія і да Мінабароны, і да групы «Вагнэр», хутчэй за ўсё, Прыгожыну, прынамсі ў нейкай найбліжэйшай пэрспэктыве, гэтыя афрыканскія праекты пакінуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія будуць наступствы, калі ПВК «Вагнэр» зьявіцца ў Беларусі— Вы сказалі, што яму ўсё яшчэ дазволена кіраваць ПВК «Вагнэр». Ён пакінуў кантроль за ёй?
— Частцы наймітаў сказалі, што яны могуць падпісаць кантракт з Мінабароны. У такім выпадку яны вернуцца ва Ўкраіну і працягнуць там ваяваць у гэтай вар’яцкай мясарубцы. Тыя, хто ня хоча падпісваць кантракт, могуць пайсьці далей з Яўгеніем Прыгожыным. І гэта абсалютна выйгрышная для іх сытуацыя. Дапусьцім, іх перадысьлякуюць у Беларусь. А далей, як кажуць крыніцы цэнтру «Дасье», яны будуць на працягу нейкага дастаткова працяглага часу, прынамсі году, а, можа быць, і даўжэй, будуць далей займацца афрыканскімі праектамі. Гэта значыць Яўгеній Прыгожын захаваў за сабой зараз касьцяк ПВК «Вагнэр», тых людзей, якіх ён набіраў з 2014 году, якія яму цалкам ляяльныя, якія ў меншай ступені пацярпелі пры штурме Бахмута і на іншых цяжкіх участках украінскай вайны. І гэтыя людзі зараз атрымаюць магчымасьць адправіцца ў такую ціхую гавань як Афрыка — адносна ціхую ў параўнаньні з Украінай, вядома, — адпачыць там і нядрэнна зарабіць. Хутчэй за ўсё, гэты ўчастак на 95% застанецца за Прыгожыным. І кантроль над наймітамі, якіх адправяць зараз ізноў у Афрыку, таксама застаецца за ім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» заявіў, што вагнэраўцы ў «адпачынку» да жніўня і рыхтуюцца да пераезду ў Беларусь— Як вам здаецца, гэта ў абмен на нешта дазволена Прыгожыну?
— У першую чаргу, у абмен на тое, каб Расея захавала там свой уплыў. Таму што відавочна, што расейскія ўлады даволі шмат намаганьняў уклалі, часу, сілаў, грошай патрацілі на тое, каб неяк прасунуць свой уплыў на афрыканскім кантынэнце. Яны дастаткова шмат паставілі на карту менавіта ў гэтым выпадку. Шмат урадаў цяпер у Афрыцы завязаныя на падтрымку групы «Вагнэр», і проста так аднамомантна ад іх пазбавіцца — гэта, напэўна, ня вельмі дальнабачна.
Касцьяк групы «Вагнэр» цяпер ад васьмі да дванаццаці тысяч чалавек, якія рыхтуюцца адправіцца ў Афрыку. Дык вось калі гэтымі малымі сіламі можна ўтрымаць уплыў у некалькіх краінах на афрыканскім кантынэнце, то чаму б так і не паступіць? Чаму б не пакінуць гэтыя праекты Прыгожыну?