Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган зьвязаў уступленьне Швэцыі ў NATO з прыняцьцем Турэччыны ў Эўразьвяз. Заява прагучала напярэдадні саміту Паўночнаатлянтычнага альянсу, заплянаванага на 11–12 ліпеня ў Вільні, яе цытуе агенцтва «Анадолу».
Швэцыя падала заяўку на ўступленьне ў NATO ў траўні 2022 году, адмовіўшыся ад стогадовага пазаблёкавага статусу. Ухваліць заяўку павінны ўсе ўдзельнікі альянсу. Цяпер гэтага не зрабілі толькі Турэччына і Вугоршчына.
Турэччына патрабавала ад Швэцыі выдачы апазыцыянэраў, якія хаваюцца ў краіне, і чальцоў курдзкага руху, якіх Анкара абвясьціла тэрарыстамі. Акрамя таго, турэцкія ўлады патрабавалі зьняць забарону на пастаўкі ў краіну зброі з боку краін Захаду.
Выступаючы перад паездкай на саміт у Вільні, Эрдаган заявіў, што Анкара не адмаўляецца ад сваіх патрабаваньняў. Акрамя таго, заявіў ён, Эўразьвяз павінен адкрыць Турэччыне дарогу для ўступленьня, перш чым турэцкі парлямэнт ухваліць швэдзкую заяўку.
- Турэччына — кандыдат на ўступленьне ў Эўразьвяз з 1999 году. Перамовы аб уступленьні ідуць з 1987 году. З 2016 году працэс фактычна замарожаны.
- Анкару крытыкуюць у Эўропе за парушэньні правоў чалавека, адсутнасьць вяршэнства права і слабую эканоміку. У 2018 годзе эўрапейскі камісар па пытаньнях пашырэньня ЭЗ Ёганэс Ган заявіў, што сяброўства Турэччыны ў Эўразьвязе ў агляднай будучыні нерэальна.