Перад самітам NATO ў літоўскай сталіцы кібэрзлачынцы зламалі сыстэму адной з рэгіянальных літоўскіх радыёстанцый і гандлёвага цэнтру і ўключылі паведамленьні, накіраваныя супраць Паўночнаатлянтычнага альянсу, паставак зброі ва Ўкраіну, і заклік да перамоў.
Як паведаміла літоўскае выданьне lrt.lt, правакацыю хутка зьліквідавалі, але Нацыянальны цэнтар кібэрбясьпекі (NCSC) заклікаў грамадзян быць пільнымі, а спэцыялістаў зьвярнуць увагу на найбольш уразьлівыя каналы сувязі.
Інцыдэнт адбыўся ў Вільні 9 ліпеня. Цяпер вядуць расьсьледаваньне. Улады не ўдакладняюць, у якім гандлёвым цэнтры і на якой радыёстанцыі гэта здарылася.
У літоўскай сталіцы Вільні 11–12 ліпеня адбудзецца саміт NATO. Прадугледжваецца, што на сустрэчы, апроч пытаньняў бясьпекі ў рэгіёне, абмяркуюць умовы ўступленьня Ўкраіны ў альянс. Як заявіў у інтэрвію Радыё Свабода прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл, Украіна можа атрымаць гарантыі, якія будуць «нечым сярэднім» паміж ранейшымі гарантыямі NATO Фінляндыі і Ізраілю.