Францускае выданьне Libération паведамляе са спасылкай на крыніцы ў заходняй выведцы, што кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын з 1 ліпеня знаходзіцца ў Маскве, дзе ён сустракаўся з Уладзімірам Пуціным, кіраўніком Службы вонкавай выведкі Сяргеем Нарышкіным і дырэктарам Расгвардыі Віктарам Золатавым.
Прыгожына выклікалі ў Крэмль 1 ліпеня, разам зь ім прыехалі камандзіры ПВК «Вагнэр». Вынікі перамоў невядомыя.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў пацьвердзіў, што Пуцін сустракаўся з байцамі ПВК «Вагнэр». Паводле яго, адбылося гэта ў Крамлі.
Сустрэча адбылася праз пяць дзён пасьля мяцяжу, 29 чэрвеня, і доўжылася тры гадзіны. На сустрэчы прысутнічала 35 чалавек — усе камандзіры атрадаў і кіраўніцтва «Вагнэра», уключаючы самога Яўгена Прыгожына.
Паводле Пяскова, Пуцін даў ацэнку дзеяньням «Вагнера» і выслухаў іх тлумачэньні.
Пасьля раптоўнага спыненьня мяцяжу, так і не дайшоўшы да Масквы, Яўгеній Прыгожын плянаваў выехаць у Беларусь. Аднак у чацьвер 6 ліпеня Лукашэнка заявіў, што кіраўніка вагнэраўцаў у Беларусі няма і што Прыгожын «цяпер у Піцеры, можа быць, у Маскву паехаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» заявіў, што вагнэраўцы ў «адпачынку» да жніўня і рыхтуюцца да пераезду ў БеларусьЛукашэнка таксама дапусьціў, што Пуцін мог зьмякчыць стаўленьне да Прыгожына. Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў у пятніцу 7 ліпеня заявіў, што Крэмль ня сочыць за перасоўваньнямі Прыгожына.
Як паведаміў Пяскоў 10 ліпеня, Пуцін падчас трохгадзіннай сустрэчы даў ацэнку дзеяньням кампаніі на фронце, а таксама падзей 24 чэрвеня. Камандзіры вагнэраўцаў нібыта запэўнілі Пуціна ў вернасьці.
Лягер пад Асіповічамі, які пабудавалі для вагнэраўцаў, дагэтуль пусты, а Міністэрства абароны заявіла, што будзе выкарыстоўваць яго для вучэньняў тэрытарыяльнай абароны.
Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.