Заходнія санкцыі не аказваюць «катастрафічнага» ўплыву на працу МАЗу, бо прадпрыемства адаптавала да сваіх патрэб цэлы шэраг новых камплектных частак, рэалізуючы праграму імпартазамяшчэньня, расказаў намесьнік гендырэктара МАЗ Уладзімер Янушка БелТА.
Паводле яго, МАЗ у першым паўгодзьдзі выпусьціў больш за 3,3 тыс. грузавікоў і павялічыў іх экспарт на 27% да аналягічнага пэрыяду 2022 году.
Расейскі рынак для Беларусі ключавы, адзначыў Уладзімер Янушка.
Цяпер МАЗ, адзначыў ён, падрыхтаваў кантракт на пастаўку больш як 900 адзінак тэхнікі (грузавыя машыны і шасі) на агульную суму 3,7 млрд расейскіх рублёў ($40,4 млн).
Адгрузка будзе весьціся 37 партнэрам, каб задаволіць попыт на пастаўку шасі.
Янушка нагадаў, што летась па партнэрскіх праграмах з расейскімі заводамі МАЗ паставіў 2,1 тыс. адзінак шасі. А за студзень–чэрвень 2023 году рэалізавана ўжо 2 тыс. адзінак гэтай тэхнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дылер МАЗу ва Ўкраіне знайшоў спосаб абысьці санкцыі і працягваць працу, нягледзячы на вайну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ва Ўкраіне працуюць кампаніі Машэнскага і колькі там зарабіў беларускі бізнэс да арышту актываў