Ва Ўзбэкістане праходзяць датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць дзейны прэзыдэнт Шаўкат Мірзіёеў і тры кандыдаты ад фармальна апазыцыйных партый.
Датэрміновыя выбары прызначылі пасьля таго, як на рэфэрэндуме 30 красавіка ўхвалілі папраўкі ў Канстытуцыю. Згодна зь імі, прэзыдэнцкі тэрмін зараз будзе складаць ня 5, а 7 гадоў. У сувязі з гэтым прэзыдэнцкія тэрміны цяперашняга прэзыдэнта Мірзіёева, які знаходзіцца ва ўладзе з 2016 году, «абнуляюцца», што дае яму магчымасьць яшчэ двойчы абірацца на пасаду кіраўніка дзяржавы да 2037 году. Паўнамоцтвы прэзыдэнта таксама пашыраць.
Палітоляг Рафаэль Сатараў у інтэрвію Deutsche Welle адзначыў, што чакаць сюрпрызаў ня варта.
«Гэта самыя шэрыя выбары ў гісторыі. Людзі нават ня ведаюць пра іншых кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, акрамя Мірзіёева. Іх імёны невядомыя і адразу будуць забытыя, таму гаварыць аб апазыцыі ня мае й сэнсу», — сказаў ён.
Выбарчыя ўчасткі адкрыліся ва Ўзбэкістане а 8-й раніцы па мясцовым часе. Акрамя таго, узбэцкія грамадзяне за мяжой могуць прагаласаваць у 39 краінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Ўзбэкістану заявілі, што большасьць насельніцтва прагаласавала за павелічэньне прэзыдэнцкага тэрміну з 5 да 7 гадоўКолішні рэктар унівэрсытэту ў Тэрмэзе Хідырназар Алакулаў, праціўнік рэжыму, ня здолеў зарэгістраваць палітычную партыю. Міністэрства юстыцыі краіны зноў адхіліла ягоную заяўку на рэгістрацыю. 67-гадовы палітык у інтэрвію ўзбэцкай службе Радыё Свабода сказаў, што «за 32 гады незалежнасьці на нашай палітычнай арэне не было канкурэнцыі».
За ўсю прэзыдэнцкую кампанію, якая стартавала 10 траўня, ніводзін з трох канкурэнтаў Мірзіёева ніводнага разу не пакрытыкаваў уладу. Адзін зь іх — былы міністар адукацыі, другі — былы высокапастаўлены чыноўнік у сфэры лясной гаспадаркі, трэці — судзьдзя па прафэсіі, у якога нядаўна скончыўся мандат у сэнаце. У дэбатах замест іх удзельнічалі іхныя прадстаўнікі, не было на іх і Мірзіёева.
Што тычыцца незарэгістраванага Алакулава, то на яго напалі пасьля раздачы ўлётак пра партыю «Праўда, прагрэс і адзінства», якую ён спрабаваў зарэгістраваць. Яго, ягоных сына і ўнука білі і жорстка затрымалі. Зараз супраць былога рэктара завялі крымінальную справу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўзбэкістане адмовіліся ад ініцыяванага Пуціным «газавага» зьвязу з Расеяй і КазахстанамШаўкат Мірзіёеў стаў прэзыдэнтам Узбэкістану пасьля сьмерці Іслама Карымава, які да 2016 году быў кіраўніком краіны з моманту развалу СССР. Мірзіёеў быў прэм’ер-міністрам пры Карымаве. Падчас кіраваньня цяперашняга прэзыдэнта ва Ўзбэкістане зарэгістравалі толькі адну партыю — Экалягічную — ў 2019 годзе.
Мірзіёева хвалілі за тое, што ён амаль зьнішчыў прымусовую працу на баваўняных палях, адкрыў краіну для турызму і інвэстыцыяў і дазволіў абмежаваную свабоду СМІ. Але няўдачы сталі прыкметныя нават падчас яго першага прэзыдэнцкага тэрміну, а кровапралітнае здушэньне хваляваньняў у намінальна аўтаномнай Рэспубліцы Каракалпакстан у ліпені 2022 году крытычна падарвала гэтыя лёзунгі, адзначаюць мясцовыя журналісты.
У Каракалпакстане, паводле афіцыйных лічбаў, загінуў 21 чалавек, але людзі гавораць пра значна большую колькасьць ахвяр. Пасьля хваляваньняў прэзыдэнт адмовіўся ад ідэі пазбавіць Каракалпакстан аўтаноміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Узбэкістану ўпершыню памілаваў больш за 400 зьняволеных, сярод якіх — удзельнікі забароненых у краіне арганізацый