Камандзіры палка «Азоў» вяртаюцца ва Ўкраіну з Турэччыны на адным самалёце зь Зяленскім. Крэмль не задаволены

Зяленскі і абаронцы «Азоўсталі».

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў аб вяртаньні ва Ўкраіну пецярых абаронцаў «Азоўсталі», у тым ліку камандзіраў «Азова», якія трапілі ў палон пасьля захопу Расеяй Марыюпаля.

У верасьні летась іх абмянялі на абвінавачанага ў супрацоўніцтве з Масквой украінскага палітыка Віктара Медведчука і пасьля гэтага жылі ў Стамбуле, як сьцьвярджалася, да канца вайны.

Пасьля візыту Зяленскага ў Турэччыну ў Кіеў вярнуліся Дзяніс Пракапенка, Сяргей Валынскі, Сьвятаслаў Паламар, Дзяніс Шлега, Алег Хаменка. Да верасьнёўскага абмену Масква абяцала перадаць іх «міжнароднаму трыбуналу» у Данецку ці Марыюпалі.

Прэс-служба прэзыдэнта Ўкраіны апублікавала відэа, на якім бачна, што абмяняныя ўкраінцы вярнуліся ў Кіеў на адным самалёце зь Зяленскім. Аб умовах вызваленьня не паведамляецца.

Пяцёра камандзіраў знаходзіліся ў Турэччыне пад асабістымі гарантыямі прэзыдэнта краіны Рэджэпа Эрдагана. Зь ім Зяленскі сустрэўся 7 ліпеня ў Стамбуле.

На прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы Зяленскі заявіў, што Кіеў і Анкара разам працуюць над вяртаньнем украінскіх палонных, палітычных зьняволеных і (затрыманых і асуджаных у Расеі) крымскіх татараў. Па словах Эрдагана, ён плянаваў абмеркаваць гэтае пытаньне з прэзыдэнтам Расіі Ўладзімірам Пуціным па тэлефоне.

Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Расеі ніхто не паведаміў аб перадачы Ўкраіне камандзіраў палка «Азоў».

«Па ўмовах дамоўленасьцяў яны павінны былі знаходзіцца на тэрыторыі Турэччыны да моманту заканчэньня канфлікту», — заявіў Пяскоў. Ён дадаў, што вяртаньне камандзіраў, якія абаранялі «Азоўсталь» зьяўляецца парушэньнем дамоўленасьцей як з боку Турэччыны, так і з боку Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 500-ы дзень вайны Зяленскі наведаў востраў Зьмяіны і адтуль зьвярнуўся да ўкраінцаў