Польшча перакідае больш за 1 тысячу вайскоўцаў і амаль 200 адзінак тэхнікі на мяжу зь Беларусьсю

Падчас вучэньняў NATO у Польшчы. Архіўнае, ілюстрацыйнае фота.

У рамках апэрацыі «Бясьпечнае Падляшша» Польшча пачынае перакідку на ўсход краіны больш як 1 тысячы вайскоўцаў і амаль 200 адзінак тэхнікі з 12-й і 17-й мэханізаваных брыгадаў, паведаміў 8 ліпеня ў «Твітары» міністар нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак.

«Гэта дэманстрацыя нашай гатоўнасьці рэагаваць на спробы дэстабілізацыі каля межаў нашай краіны», — напісаў польскі чыноўнік.

Апошнім часам кіраўніцтва Польшчы неаднаразова заяўляла пра патэнцыйныя пагрозы з боку Беларусі на фоне магчымага разьмяшчэньня на яе тэрыторыі расейскай тактычнай ядзернай зброі, прыбыцьця наймітаў ПВК «Вагнэр» разам з роляй Менска ў разьвязанай Расейя вайне супраць Украіны і працягам міграцыйнага крызісу.

7 ліпеня стала вядома, што прэзыдэнты Літвы, Латвіі і Польшчы накіравалі генсакратару Паўночнаатлянтычнага альянсу і кіраўніцтву краін гэтага блёка ліст, у якім сярод іншага ўтрымліваецца заклік улічыць пагрозы, што ідуць ад Беларусі, у «працэсе вайсковай адаптацыі» NATO.

Кіраўнікі трох краін адзначылі, што беларускаму народу «патрэбны выразны сыгнал NATO, што бачаньне дэмакратычнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі, якая не залежыць ад волі Расеі і ўнутранай барацьбы ў Крамлі, важная для альянсу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO умацоўвае мяжу зь Беларусьсю перад самітам Альянсу ў Вільні