Літва ў аднабаковым парадку спыніла афармленьне транспарту і людзей, якія перасякаюць мяжу ў пункце пропуску «Меднікі», пра гэта паведаміў Памежны камітэт Беларусі.
Афармленьне спынілася ў 13.00.
«Падкрэсьліваем, што беларускі бок гатовы ажыцьцяўляць пропуск асобаў і транспарту. Уся адказнасьць за абвастрэньне абстаноўкі на мяжы і ўтварэньне чэргаў ляжыць на літоўскім баку», — заяўляе Дзяржаўны памежны камітэт і рэкамэндуе выбіраць для перасячэньня мяжы іншыя пункты пропуску.
Прычынай часовага закрыцьця пункта пропуску Меднікі 8 ліпеня стаў канфлікт паміж літоўскімі і беларускімі памежнікамі вакол замежніка: «супрацоўнікі беларускіх службаў адмовіліся прыняць назад грамадзяніна Пакістану, які спрабаваў уехаць у Літву па падробленых дакумэнтах», паведамляе балтыйскае інфармагенцтва BNS са спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі пацьвердзілі інцыдэнт з замежнікам, але заявілі, што пакістанец перасякаў беларускую мяжу «па сваіх сапраўдных дакумэнтах» і сам адмовіўся пакідаць тэрыторыю Літвы, пасьля чаго літоўскія памежнікі нібыта сталі пагражаць спыніць рух, калі беларускія калегі не забяруць яго на сваю тэрыторыю.
Каля 16-ай гадзіны па менскім часе стала вядома, што Літва пачала прапускаць праз памежны пункт пропуску Меднікі — Каменны Лог аўтобусы, пакуль што толькі зь літоўскімі нумарамі. Пра гэта паведамляюць у чаце перасячэньня мяжы, заўважыла «Зеркало».
Калі цалкам адновяць рух праз памежны пераход Меднікі — Каменны Лог, пакуль не зразумела.
Нагадаем, 11-12 ліпеня ў Вільні адбудзецца саміт NATO, зь пятніцы Літва аднавіла памежны кантроль на ўнутраных межах і ўзмацніла кантроль на межах зь Беларусьсю і Расеяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO умацоўвае мяжу зь Беларусьсю перад самітам Альянсу ў Вільні