Генпракуратура Расеі прызнала «непажаданай» беларускую праваабарончую арганізацыю

Генпракуратура Расеі прызнала «непажаданай арганізацыяй» Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскага. Арганізацыя зарэгістраваная ў Літве і зьяўляецца часткай міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека (HRHF).

Пра гэта паведамляе «Эўрапейскае радыё для Беларусі».

Непажаданымі арганізацыямі ў Расеі прызнаныя і іншыя нацыянальныя дамы правоў чалавека — расейскі, грузінскі, армянскі.

«Дзейнасьць HRHF і пералічаных нацыянальных дамоў правоў чалавека накіраваная на парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы, дэстабілізацыю грамадзка-палітычнай абстаноўкі, дыскрэдытацыю палітыкі, якую праводзіць кіраўніцтва краіны, фармаваньне грамадзкай думкі аб неабходнасьці зьмены ўлады неканстытуцыйным шляхам. З пачатку спэцыяльнай ваеннай апэрацыі арганізацыі займаюцца дыскрэдытацыяй зьнешняй палітыкі РФ і Ўзброеных сілаў Расеі. Правакацыйны інфармацыйны парадак дня гэтых арганізацыяў накіраваны на палітычную і эканамічную ізаляцыю Расеі на міжнароднай арэне», — лічыць Генпракуратура РФ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі палітзьняволенымі яшчэ 23 чалавекі, якіх асудзілі за абразу Лукашэнкі і сілавікоў

Пад тэрмінам «непажаданая арганізацыя» ў расейскім заканадаўстве разумецца замежная ці міжнародная няўрадавая арганізацыя, дзейнасьць якой можа станавіць пагрозу асновам канстытуцыйнага ладу РФ, абараназдольнасьці краіны ці бясьпецы дзяржавы.

Непажаданым арганізацыям забаронена весьці дзейнасьць на тэрыторыі РФ, за парушэньне гэтай забароны прадугледжаныя адміністрацыйныя і крымінальныя меры пакараньня.