Прадстаўнікі прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнэр» пакуль не прыбывалі для агляду магчымага месца разьмяшчэньня байцоў кампаніі ў намётавым лягеры ў раёне горада Асіповічы Магілёўскай вобласьці Беларусі. Аб гэтым ТАСС паведаміў памочнік міністра абароны рэспублікі генэрал-маёр Леанід Касінскі, які прыбыў у лягер.
«Не, апэратыўныя групы пакуль не прыяжджалі, не вызначаліся, не глядзелі. Я думаю, што калі будзе прынята канчатковае рашэньне групай „Вагнэр“, разьмяшчацца ці не разьмяшчацца ў Беларусі, тады і будуць глядзець», — сказаў генэрал-маёр, камэнтуючы паведамленьні аб нібыта разьмяшчэньні байцоў ПВК у лягеры.
Касінскі растлумачыў, што гэта «летні лягер, які пабудавалі ва ўзаемадзеяньні з органамі мясцовай улады».
«Гэты лягер разгортваўся для трэніроўкі як вайскоўцаў, так і прадстаўнікоў цывільнай адміністрацыі ў рамках разгортваньня сыстэмы тэрытарыяльнай абароны», — заявіў ён.
Як дадаў Касінскі, лягер здольны зьмясьціць каля 5 тысяч чалавек. Ён таксама зазначыў, што «тэарэтычна [вайсковую] тэхніку можна разьмясьціць дзе заўгодна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы не зьяўляюцца пагрозай для Беларусі, а іхны кіраўнік Прыгожын знаходзіцца ў Расеі«Усё залежыць ад колькасьці гэтай тэхнікі. Гэта былое вайсковае мястэчка. Інфраструктура захавалася: і боксы [для захоўваньня тэхнікі] былі, тут артылерыйская брыгада калісьці разьмяшчалася», — сказаў памочнік міністра абароны Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Асіповічамі будуюць найбуйнейшы ў Беларусі намётавы лягер на 15 тысяч чалавек. Ці для «Вагнэра»? Спадарожнікавыя здымкі6 ліпеня Аляксандар Лукашэнка пачас сустрэчы з замежнымі і беларускімі журналістамі паведаміў, што Менск прапанаваў выкарыстоўваць для разьмяшчэньня байцоў ПВК «некалькі былых вайсковых гарадкоў, якія выкарыстоўваліся яшчэ ў савецкі час», у тым ліку пад Асіповічамі.
Ён сказаў, што ў кіраўнікоў ПВК «Вагнэр» іншае бачаньне па іх разьмяшчэньні, Лукашэнка таксама паінфармаваў, што на сёньняшні дзень пытаньне перадыслякацыі ў Беларусь вагнэраўцаў, якія знаходзяцца цяпер на тэрыторыі Расеі, ня вырашана, бо «гэта залежыць ад кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі».
Свабода з дапамогай спадарожнікавых фота пацьвердзіла ўзьвядзеньне новага вайскова-палявога лягера на тэрыторыі былой вайсковай часткі ля вёскі Цэль у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласьці.
Сваімі памерамі ён перавышае іншыя вядомыя палявыя лягеры ў Беларусі, дзе рыхтуюць да вайны з Украінай мабілізаваных расейскіх салдат.
Прызначэньне новага лягера застаецца загадкай. Паводле мясцовых жыхароў, рамонтна-будаўнічыя работы на тэрыторыі былой вайсковай часткі ў вёсцы Цэль (90 км ад Менску і 20 км ад Асіповічаў) пачаліся ў чэрвені.
Яшчэ 17 чэрвеня 2023 году сьлядоў разгортваньня палявога лягера на тэрыторыі вайсковай часткі ля Цэлі не было. Гэта відаць на спадарожнікавым здымку сэрвісу Planet.com, які публікавала Свабода. Не відаць лягера і на спадарожнікавым фота за 24 чэрвеня, якое Свабода здабыла сёньня. А вось на здымках за 27 чэрвеня ўжо можна разгледзець меркаваныя палявыя намёты і прыкметы будаўніцтва — раскапаныя катлаваны і новыя аб’екты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адрэагаваў на спадарожнікавыя здымкі лягера ля вёскі ЦэльСпроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.