Пра намер зьліквідаваць партыю «Зялёныя» газэце «Народная воля» расказаў старшыня партыі Зьміцер Кучук.
Вярхоўны суд пачаў грамадзянскую справу па пазове Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай партыі «Зялёныя».
Зьмітра Кучука «ў парадку падрыхтоўкі справы да судовага разбору» 17 ліпеня запрашаюць зьявіцца ў Вярхоўны суд. Міністэрства юстыцыі адзначыла, што не атрымлівала ад партыі дакумэнтаў аб самаліквідацыі. А сама партыя нібыта ня выканала «нарматыўных прадпісаньняў», а таму падлягае ліквідацыі.
Раней Міністэрства юстыцыі адмовілася разглядаць пытаньне аб перарэгістрацыі беларускай партыі «Зялёныя», якая падала дакумэнты на перарэгістрацыю бязь сьпісу сяброў 31 траўня.
БПЗ пайшла на перарэгістрацыю, каб не прымаць рашэньне аб самаліквідацыі, а сьпісы сябраў не падавалі, бо гэта супярэчыць нормам заканадаўства.
Апроч «Зялёных», дакумэнты на перарэгістрацыю бязь сьпісу сяброў падалі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет».
5 чэрвеня прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, БСДП (Грамада), Партыі БНФ і БПЗ заклікалі спыніць дзеяньне новага закону «Аб палітычных партыях» за неадпаведнасьць дакумэнта Канстытуцыі.
Сёлета 25 студзеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адразу ў двух чытаньнях прынялі законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх абʼяднаньняў». 14 лютага Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон. На працягу 6 месяцаў пасьля яго ўступленьня ў сілу ўсе партыі, якія існуюць, павінны прайсьці працэдуру перарэгістрацыі.
Праваабаронцы і шэраг прадстаўнікоў апазыцыйных сіл нэгатыўна расцанілі папраўкі ў закон аб партыях. Яны канстатавалі, што яго прыняцьце пакіне ў Беларусі толькі праўладныя палітычныя структуры.
Колькасьць палітычных партый у Беларусі пасьля перарэгістрацыі зьменшыцца з 15 «да трох-чатырох», мяркуе міністар юстыцыі Сяргей Хаменка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’яднанай грамадзянскай партыі прапанавалі самаліквідавацца