Распачаў працу сайт для спэцыялістаў у барацьбе з хатнім гвалтам

Ілюстрацыйнае фота

Каманда беларускіх валянтэраў аб’явіла аб пачатку працы сайта prohelp.info для спэцыялістаў у барацьбе з хатнім гвалтам.

Заяўленая мэта — «даць доступ профільным спэцыялістам да неабходнай прафэсійнай інфармацыі, інфаграфікі і спэцыялізаваных матэрыялаў для працы з пацярпелымі ад хатняга гвалту».

Сайт створаны для мэдыкаў, юрыстаў, працаўнікоў сацыяльнай сфэры. У кожным з адпаведных разьдзелаў сабраны матэрыялы «для апэратыўнай і эфэктыўнай работы з пацярпелым ад дамашняга гвалту». У спэцыялістаў «будзе доступ да неабходнай практычнай інфармацыі», якую яны могуць «адразу выкарыстоўваць у сваёй рабоце».

У разьдзеле «Самаадукацыя і магчымасьці для прафэсіяналаў» будзе сабрана інфармацыя аб карысных лекцыях, курсах і анонсы мерапрыемстваў, якія дапамогуць спэцыялістам «паглыбіць свае веды і навыкі».

Разьдзел навін будзе запаўняцца «апошнімі зьменамі ў заканадаўчай базе, а таксама актуальнымі навінамі аб рабоце з пацярпелымі ад хатняга гвалту».

«Спадзяёмся, што партал стане каштоўным інструмэнтам для ўсіх, хто змагаецца з хатнім гвалтам і імкнецца палепшыць жыцьцё жанчын, якія пацярпелі ад яго», — заявіла каманда праекту.

  • 9 сакавіка 2022 году Менскі гарадзкі суд зьліквідаваў грамадзкае абʼяднаньне «Радзіслава», якое адміністравала кругласутачную «гарачую лінію» і утрымлівала на грамадзкіх пачатках шэлтер для ахвяраў хатняга гвалту. З дня ліквідацыі не працуюць шэлтэр і «гарачая лінія» для ахвяраў хатняга гвалту.
  • У краіне няма закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Адпаведны дакумэнт распрацоўваўся некалькі разоў. У кастрычніку 2018 году чарговы варыянт рэзка раскрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка, назваўшы яго «дурасьцю, узятай найперш з Захаду».
  • 7 сакавіка 2023 году намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Валеры Кавалькоў адзначыў на прэс-канфэрэнцыі, што праблема хатняга гвалту «не стаіць настолькі востра, каб гаварыць аб неабходнасьці прыняцьця спэцыяльнага закону».
  • Паводле даных МУС, за першы квартал 2023 году прыцягнулі да адказнасьці больш як 10 тысяч дамашніх агрэсараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінпрацы Беларусі: летась па абарону ад хатняга гвалту зьвярнуліся больш як 12 тысяч грамадзян
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чым больш гвалту ў грамадзтве, тым больш яго і ў сям’і». Як ахвярам хатняга гвалту дапамагае адмысловы сэрвіс