Лукашэнка адрэагаваў на спадарожнікавыя здымкі лягера ля вёскі Цэль

Лягер каля вёскі Цэль Магілёўскай вобласьці, 30 чэрвеня 2023

Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі для беларускіх і замежных журналістаў заявіў, што прапанаваў вагнэраўцам некалькі колішніх вайсковых частак у Беларусі.  

Адказваючы на пытаньне журналіста з Францыі, які спасылаўся на публікацыі спадарожнікавых здымкаў лягера ля вёскі Цэль Асіповіцкага раёну, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што падразьдзелы прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» ня будуць разьмяшчацца пад Асіповічамі, і зьняпраўдзіў стварэньне для іх адмысловых палявых лягераў.

«Лягеры мы ня ўзводзім, мы прапанавалі ім некалькі колішніх вайсковых мястэчак, якія выкарыстоўваліся ў савецкі час, у тым ліку пад Асіповічамі. Калі яны пагодзяцца. Але ў ПВК «Вагнэр» іншае бачаньне па іхным разьмяшчэньні, натуральна, пра гэтае бачаньне я вам не скажу», — паведаміў ён.

Свабода з дапамогай спадарожнікавых фота пацьвердзіла ўзьвядзеньне новага вайскова-палявога лягера на тэрыторыі былой вайсковай часткі ля вёскі Цэль у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласьці.

Сваімі памерамі ён перавышае іншыя вядомыя палявыя лягеры ў Беларусі, дзе рыхтуюць да вайны з Украінай мабілізаваных расейскіх салдат.

Прызначэньне новага лягера застаецца загадкай. Паводле мясцовых жыхароў, рамонтна-будаўнічыя працы на тэрыторыі былой вайсковай часткі ў вёсцы Цэль (90 км ад Менску і 20 км ад Асіповічаў) пачаліся ў чэрвені.

Яшчэ 17 чэрвеня 2023 году сьлядоў разгортваньня палявога лягера на тэрыторыі вайсковай часткі ля Цэлі не было. Гэта бачна на спадарожнікавым здымку сэрвісу Planet.com, які публікавала Свабода. Не відаць лягера і на спадарожнікавым фота за 24 чэрвеня, якое Свабода здабыла сёньня. А вось на здымках за 27 чэрвеня ўжо можна разгледзець меркаваныя палявыя намёты і прыкметы будаўніцтва — раскапаныя катлаваны і новыя аб’екты.

Спадарожнікавыя здымкі намётавага лягера ля вёскі Цэль публікавала Радыё Свабода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Асіповічамі будуюць найбуйнейшы ў Беларусі намётавы лягер на 15 тысяч чалавек. Ці для «Вагнэра»? Спадарожнікавыя здымкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакуль ніхто не прыехаў». Што ў вёсцы Цэль гавораць пра будаўніцтва на тэрыторыі закінутай вайсковай часткі
  • Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Пасьля выхаду расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб перадухіліць магчымы паўторны наступ зь беларускай тэрыторыі.