Хроніка перасьледу 6 ліпеня: выракі за камэнтары пра Лукашэнку і сілавікоў у Наваполацку і Пінску

Сілавікі. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

2 гады турмы за камэнтары ў сацсетках пра сілавікоў

Суд Наваполацкага раёну вынес прысуд мясцовай жыхарцы Кацярыне Леў, абвінаваціўшы яе ў абразе прадстаўнікоў улады паводле арт. 369 КК. Яе пакаралі пазбаўленьнем волі ў калёніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады і штрафам у 3700 рублёў, паведамляе «Вясна». Справу разглядала судзьдзя Сьняжана Калінічэнка.

У судовым працэсе абражанымі прадстаўнікамі ўлады выступілі намесьнік начальніка УУС Менскага аблвыканкаму Віталь Казлоў, кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёну Менску Раман Мельнік, а таксама першы намесьнік начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Ігар Падвойскі.

Яны трапілі ў скандал, калі ў лютым 2022 году «Кібэрпартызаны» апублікавалі зьліў іх размовы зь верасьня 2020 году. Тэлефонная гутарка Падвойскага, Мельніка і Казлова стала доказам таго, што міліцыя паказвае судзьдзям, якія рашэньні выносіць удзельнікам мірных пратэстаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 ліпеня: экс-памочніцу судзьдзі затрымалі за зьліў зьвестак у «Чорную кнігу Беларусі»; ператрусы ў Фаніпалі

У Пінску юнака асудзілі на два гады «хіміі» за камэнтар пра Лукашэнку

Суд Пінскага раёну і гораду Пінску 22 чэрвеня ў выязным рэжыме разгледзеў справу супраць пінчука Кірыла Барысава, паведамляе «Вясна». Маладога чалавека абвінавацілі ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 КК.

Справу разглядала судзьдзя Яўгенія Мельнік, у якасьці дзяржабвінаваўцы выступаў Ільля Гузарэвіч.

Пра прысуд стала вядома зь відэа мясцовага дзяржаўнага тэлебачаньня. Закадравы голас паведамляе, што падставай для крымінальнай справы стаў тэлеграм-камэнтар пра Лукашэнку зь нецэнзурнай лексыкай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 4 ліпеня: ГУБАЗіК затрымаў украінку за «распальваньне варожасьці паміж Украінай і Расеяй»