Расея нанесла ракетны ўдар па гістарычным цэнтры Львова, разбурыла жылы дом

Наступствы расейскага ракетнага ўдару па Львове, 6 ліпеня 2023

У выніку расейскага ракетнага ўдару ў ноч на 6 ліпеня пацярпелі 40 чалавек, пашкоджана каля 60 кватэр і 50 аўтамабіляў, паведаміў зь месца здарэньня мэр Львова Андрэй Садавы.

Расейскія вайскоўцы ў ноч на 6 ліпеня нанесьлі ракетны ўдар па Львове, трапілі ў жылы дом, паведаміў мэр Львова Андрэй Садавы.

Кіраўнік абласной адміністрацыі Максім Казіцкі паведаміў, што гаворка ідзе пра шматкватэрны дом. Улады Львова абвясьцілі двухдзённую жалобу ў памяць пра загінулых у выніку ракетнай атакі Расеі на горад.

Наступствы расейскага ракетнага ўдару па Львове, 6 ліпеня 2023

Ратавальнікі працягваюць разьбіраць завалы, пад якімі яшчэ могуць быць людзі. Улады заявілі, што работы будуць працягвацца «да апошняй надзеі».

На гэты момант вядома, што ў выніку расейскага ракетнага абстрэлу Львова загінулі 5 цывільных і 13 з раненьнямі і траўмамі шпіталізаваныя.

Наступствы расейскага ракетнага ўдару па Львове, 6 ліпеня 2023

У камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што ракеты Расея запускала з паветра і з мора, і першапачаткова яны накіроўваліся на Кіеў і Кіеўскую вобласьць, а потым зьмянілі рух на Львоў і Львоўскую вобласьць. Супрацьпаветраныя сродкі змаглі зьбіць 7 з 10 расейскіх ракет.

Улады Львоўскай вобласьці паведамілі, што ад абстрэлу ёсьць пашкоджаньні ў дзьвюх вёсках у Львоўскім і Золачаўскім раёнах. Там, паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто не пацярпеў.

Наступствы расейскага ракетнага ўдару па Львову, 6 ліпеня 2023 году

Відэа з разбурэньнямі ў выніку ракетнага ўдару публікуе тэлеграм-канал прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

  • У ноч на 6 ліпеня расейскія вайскоўцы нанесьлі ракетны ўдар па тэрыторыі Ўкраіны. Паведамляецца аб пусках ракет «Калібр» з акваторыі Чорнага мора.
  • Паветраная трывога гучала па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, за выключэньнем Данецкай вобласьці. Падчас атакі ў многіх рэгіёнах працавала СПА.
  • У Львове некалькі разоў раздаваліся выбухі.

Міністэрства абароны Расеі чарговы раз назвала свае начныя ўдары пасьпяховымі, паколькі яны наносіліся «высокадакладнай зброяй» па пунктах «часовай дысьлякацыі Ўзброеных сіл Украіны і іншаземных наймітаў», мэта дасягнутая, а «стратэгічным рэзэрвам праціўніка нанесеная істотная шкода».

Пазьней міністар культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Аляксандар Ткачэнка паведаміў, што Расея нанесла ракетны ўдар па гістарычным арэале — буфэрнай зоне аб’екту Ўсясьветнай спадчыны UNESCO «Львоў — ансамбль гістарычнага цэнтру».

Паводле яго, комплекс з 17 жылых будынкаў, разьмешчаны па вуліцы Стрыйскай на скрыжаваньні з вуліцай Акадэміка Сахарава, мае статус помніка архітэктуры мясцовага значэньня, а будынкі жыльлёвага комплексу для выкладчыкаў Львоўскай палітэхнікі 1930-х гадоў уключаныя ў Дзяржаўны рэестар нерухомых помнікаў Украіны.

«Тэрмінова афіцыйна паведамляем UNESCO пра гэта і, як заўсёды, чакаем дзеяньняў большых, чым проста занепакоенасьць», — напісаў Аляксандар Ткачэнка ў сваім тэлеграм-канале.

Наступствы расейскага ракетнага ўдару па Львове, 6 ліпеня 2023

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі абстралялі горад Першамайскі Харкаўскай вобласьці, сярод параненых — 12 дзяцей
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі абвінавацілі Кіеў у атацы на аб’екты ля Масквы, ва Ўкраіне вырасла колькасьць ахвяр расейскіх абстрэлаў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.