«Гэта прысуд за бацьку, пра якога Эдуард нічога ня ведае, жывы ён ці не». Ціханоўская — пра прысуд Эдуарду Бабарыку

Сьвятлана Ціханоўская

Менскі абласны суд 5 ліпеня асудзіў палітвязьня Эдуарда Бабарыку на 8 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, камэнтуючы прысуд, адзначыла, што Эдуард Бабарыка правёў у СІЗА 3 гады — «рэкордны для Беларусі тэрмін». На думку Ціханоўскай, увесь гэты час «рэжым проста ня мог прыдумаць прычыну, зь якой затрымаў Эдуарда, і знайсьці доказы ягонай віны».

«Гэты прысуд Эдуарду за бацьку, які так і не зьявіўся на судзе. Пра якога ён нічога ня чуў з 26 красавіка і ня ведае, жывы ён ці не», — адзначыла Ціханоўская.

Паводле яе, Эдуард Бабарыка, як і ягоны бацька, «хоча зьмяніць Беларусь і зрабіць яе лепшай».

«Ён запусьціў плятформы, дзякуючы якім беларусы маглі падтрымліваць ініцыятывы і праекты. Адтуль падтрымку атрымалі праект BY COVID-19, выданьне кніг нашай нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч і шмат іншых. Я ўпэўненая, што такія маладыя і таленавітыя людзі, як Эдуард Бабарыка, — будучыня новай Беларусі. Менавіта гэтыя людзі здольныя выцягнуць нашую краіну з крызісу», — падкрэсьліла Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эдуарду Бабарыку прысудзілі 8 гадоў калёніі, пад сьледзтвам яго трымалі больш за іншых палітвязьняў
  • 5 ліпеня судзьдзя Ўладзімер Арэшка прызнаў Эдуарда Бабарыку вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы), ч. 1 арт. 293 (масавыя беспарадкі).
  • 6 ліпеня 2021 году Вярхоўны суд прыгаварыў бацьку Эдуарда Віктара Бабарыку да 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры» (ч. 3 арт. 430) і «легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» (ч. 2 арт. 235).
  • З 28 красавіка дакладна не вядома, дзе знаходзіцца Віктар Бабарыка. Перад гэтым работнікі наваполацкай бальніцы ананімна паведамілі, што яго даставілі туды зь мясцовай калёніі з пнэўматораксам і сьлядамі зьбіцьця.
  • Праваабаронцы паведамлялі, што Віктар Бабарыка быў у сьпісе сьведак па справе сына, аднак у суд яго так і не даставілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе Віктар Бабарыка? Вэрсія былога палітвязьня з наваполацкай калёніі