Адбыўся выцек пэрсанальных зьвестак карыстальнікаў інтэрнэт-крамы buslik.by, якая прадае дзіцячыя тавары, паведамляе Нацыянальны цэнтар абароны пэрсанальных зьвестак.
Выцек адбыўся ў выніку несанкцыянаванага доступу да інфармацыйнай сыстэмы кампаніі «ДПМ», якая зьяўляецца гуртавым і раздробным дыстрыбутарам дзіцячых тавараў і валодае групай крамаў для дзяцей «Бусьлік», «Яскравы Бусьлік».
«Зламысьнікі выставілі на продаж базу дадзеных, якая зьмяшчае пэрсанальныя зьвесткі больш як 220 тысяч карыстальнікаў крамы, у тым ліку прозьвішча, імя і імя па бацьку, нумары мабільных тэлефонаў, адрасы электроннай пошты», — гаворыцца ў паведамленьні.
Па факце здарэньня праводзяць праверку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інтэрнэт-кнігарні дапусьцілі выцек зьвестак тысяч беларускіх кліентаў- У сярэдзіне чэрвеня ў выніку выцеку ў сеціва трапілі зьвесткі больш як 4 тысяч беларускіх кліентаў расейскіх інтэрнэт-кнігарняў bookvoed.ru, chitai-gorod.ru, ast.ru і eksmo.ru.
- Паводле дырэктара Нацыянальнага цэнтру абароны пэрсанальных дадзеных Андрэя Гаева, маштабныя выпадкі зьліву пэрсанальнай інфармацыі часьцей адбываюцца ў сфэры гандлю: у мінулым годзе такія зьлівы дадзеных кліентаў адбыліся ў гандлёвых сетках «Соседи» і «Остров чистоты и вкуса». У банкаўскай сфэры быў выпадак узлому і незаконнага распаўсюджваньня інфармацыі «Белгазпрамбанку».
- Улетку 2022 году буйная беларуская сетка крамаў «Соседи» прызнала выцек дадзеных пакупнікоў: у сеціве былі апублікаваныя дадзеныя (мабільны нумар тэлефона, электронная пошта) асобных удзельнікаў праграмы ляяльнасьці «Купілка».
- У кастрычніку 2022 году буйная сетка «Остров чистоты и вкуса» праводзіла праверку па факце выцеку пэрсанальных дадзеных. Тады паведамлялі, што «зьліты» ў інтэрнэт файл зьмяшчае больш за 148 тысяч запісаў пра кліентаў рытэйлера за пэрыяд з 1 жніўня 2020 году па 31 ліпеня 2021-га.
- Таксама беларусы часам становяцца ахвярамі зьліву пэрсанальных дадзеных, якія адбываюцца не на тэрыторыі Беларусі, а за яе межамі. Прыкладам можа быць выпадак са службай кур’ерскай дастаўкі СДЭК, якая фізычна і юрыдычна зарэгістраваная на тэрыторыі Расеі, але мела каля 700 тысяч запісаў пра куплі беларусаў, расказаў Андрэй Гаеў.