«Асноўная місія Кангрэсу — зьбіраць вялікую колькасьць навукоўцаў і экспэртаў розных дысцыплін, ствараць прастору для супольнай камунікацыі. Але сытуацыя ў гэтым годзе ставіць канцэпцыю пад пагрозу. У Арганізацыйным камітэце нават ставілася пытаньне пра скасаваньне Кангрэсу сёлета», — паведаміў арганізацыйны камітэт.
У выніку, пасьля працяглых дыскусій, Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі вырашыў скараціць колькасьць субсыдый на пражываньне і транспарт, а таксама перавесьці частку сэкцый у онлайн-рэжым.
«Гэтае рашэньне для нас вельмі складанае, — пішуць на сайце кангрэсу, — паколькі разбурае традыцыйны фармат падзеі, але на гэты момант мы ня маем іншага выбару. Вельмі спадзяёмся на ваша разуменьне складанай сытуацыі, у якой апынулася арганізацыйная каманда Кангрэса».
У онлайн-рэжым пераводзяцца наступныя сэкцыі:
- Філялёгія;
- Гістарычная і культурная спадчына;
- Культура і культурныя дасьледаваньні.
XI Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі плянуецца ў Гданьску 22–24 верасьня. Праца Кангрэсу заплянаваная па 14 дасьледчых панэлях, якія ўключаюць усе асноўныя сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны: гісторыя, міжнародныя адносіны, паліталёгія, сацыялёгія, лінгвістыка, літаратуразнаўства ды іншыя кірункі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 400 удзельнікаў, з Расеі ніхто не прыедзе. Як сёлета пройдзе Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі