Спэцыяльныя службы Расеі вярнулі ўласьніку прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнэр» Яўгенію Прыгожыну ўсю зброю, сканфіскаваную ў часе ператрусу ў ягоным будынку.
Як паведаміла выданьне fontanka.ru, Яўгенію Прыгожыну вярнулі пісталет Glock. Яго той атрымаў у якасьці ўзнагароды ад міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу.
Паводле зьвестак выданьня, Яўгеній Прыгожын прыехаў да будынку Ўпраўленьня ФСБ па Пецярбургу і Ленінградзкай вобласьці на Ліцейным праспэкце на аўтамабілі BMW у складзе картэжу на пачатку пятай гадзіны вечара 4 ліпеня.
«За некалькі гадзін да гэтага Прыгожына афіцыйна запрасілі для вяртаньня яму зброі, знойдзенай у часе вядомых ператрусаў 24 чэрвеня і сканфіскаванай у ягонай загараднай рэзыдэнцыі ў элітным катэджным пасёлку „Паўночны Вэрсаль“», — паведаміла расейскае выданьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мачулішчы пад Менскам прылятаў самалёт кіраўніка ПВК «Вагнэр» Прыгожына. Ён прабыў там 15 гадзінРаней паведамлялася, што 27 чэрвеня на вайсковы аэрадром Мачулішчы прылятаў самалёт Яўгенія Прыгожына. Праз 18 хвілін там жа прызямліўся яшчэ адзін бізнэс-джэт, які зьвязваюць з уласьнікам ПВК «Вагнэр».
26 чэрвеня, пасьля амаль двух дзён маўчаньня, прэс-служба Прыгожына апублікавала новы ягоны зварот. У ім Прыгожын заявіў, што «Лукашэнка прапанаваў варыянт працягу працы ПВК у законнай юрысдыкцыі». Ён нічога не сказаў пра сваю будучыню і будучыню ПВК «Вагнэр», а таксама не прывёў дэталяў перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што ўласьнік групы «Вагнэр» Прыгожын ужо ў БеларусіПерад гэтым прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў з заявай, у якой прапанаваў наймітам ПВК «Вагнэр» паступіць на службу ў Міністэрства абароны Расеі або «пайсьці ў Беларусь».
Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году на загад Лукашэнкі ў адным зь беларускіх санаторыяў арыштавалі 33 наймітаў «Вагнэра». Па словах прапагандыстаў і самога Лукашэнкі, яны нібыта плянавалі беспарадкі і ўмяшаньне ў выбары. Затым, аднак, усіх вагнэраўцаў адпусьцілі без выстаўленьня абвінавачаньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заходняя выведка: апрача Суравікіна, зьнік намесьнік міністра абароны Расеі, які размаўляў з ПрыгожынымСпроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.