Частка актыву ByPol афіцыйна паведаміла пра аднаўленьне працы пад новым брэндам. Яны заявілі, што намагаліся «захаваць калектыў прафэсіяналаў» і паведамілі, што ўзялі новую назву арганізацыі, BELPOL.
Супрацоўнічаць з Аляксандрам Азаравым і Станіславам Лупаносавым BELPOL больш ня будзе.
«Дзякуючы праведзенай працы мы ня толькі зьбераглі самае каштоўнае, людзей са сваімі ведамі, навыкамі, уменьнямі і досьведам, але і ўзмацнілі каманду. Нам удалося захаваць працэсы, інструмэнты і кірункі дзейнасьці, якімі займалася арганізацыя», — гаворыцца ў заяве.
Паводле інфармацыі прадстаўнікоў BELPOL, у арганізацыі правялі шэраг сустрэч, прынялі «важныя рашэньні». Пра зьмены ў працы арганізацыі, новых кірунках дзейнасьці, рэфармаваньне аб’яднаньня грамадзкасьць абяцаюць інфармаваць «па меры гатоўнасьці».
«Супрацоўнікі арганізацыі прыносяць свае шчырыя прабачэньні грамадзянам нашай краіны за дапушчаныя намі памылкі пры ажыцьцяўленьні сваёй працы. Са свайго боку адказна заяўляем, што крызісная сытуацыя была дэталёва вывучана, усе дапушчаныя памылкі, якія прывялі да яе, выяўленыя, прааналізаваныя і зьліквідаваныя, прыняты меры для недапушчэньня падобнага далей», — заявілі ў ByPol.
Рэакцыі Аляксандра Азарава і Станіслава Лупаносава на гэта пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раскол ByPol як выратавальны кампраміс8 чэрвеня ў ByPol здарыўся скандал, калі прадстаўнік ByPol Аляксандр Азараў заявіў аб тым, што сацсеткі арганізацыі былі захопленыя. Зрабіў гэта, паводле Азарава, работнік ByPol Мацьвей Купрэйчык.
Ён быў сярод некалькіх работнікаў, якія нібыта адмовіліся праходзіць паліграф і таму іх звольнілі. У сваю чаргу, у самім тэлеграм-канале ByPol апублікавалі допіс, што Аляксандар Азараў ня ёсьць і ніколі ня быў заснавальнікам або кіраўніком ByPol.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі, зь якім зьвязаная дзейнасьць ByPol, выступіў з заявай аб пачатку праверкі сытуацыі. Пасьля кансультацый і мэдыяцыі з Аб’яднаным пераходным кабінэтам там заяўлялі аб падзеле арганізацыі на дзьве часткі, пагаджаліся на аўдыт і паліграф.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля скандалу у ByPol заявілі аб падзеле арганізацыі на дзьве часткі, пагадзіліся на аўдыт і паліграф