Гаварыць пра тое, што ўвесь асабовы склад ПВК «Вагнэр» разам з кіраўніком Яўгенам Прыгожыным перабазуецца ў Беларусь, пакуль рана, сказаў прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў у этэры нацыянальнага тэлемаратону.
«Што да Прыгожына ў Беларусі, то, відавочна, ён там будзе бываць. Гэта значыць, можна гаварыць пра перанос юрыдычнага адрасу, выкарыстаньне Беларусі як пэўнага лягістычнага хабу для магчымага перакідваньня на іншыя напрамкі і, магчыма, на іншыя кантынэнты», — сказаў Андрэй Юсаў.
На думку прадстаўніка ўкраінскай выведкі, тое, што адбываецца, гэта ў большай ступені «інфармацыйныя актыўнасьці, якія павінны паказаць выкананьне дамоўленасьцяў, агучаных па выніках гэтых апошніх маршаў, мяцяжоў і г.д.».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакуль ніхто не прыехаў». Што ў вёсцы Цэль гавораць пра будаўніцтва на тэрыторыі закінутай вайсковай часткі- 27 чэрвеня Лукашэнка расказаў, што найміты ПВК «Вагнэр» будуць працаваць у Беларусі інструктарамі і што ім прапанавалі «закінутую вайсковую частку».
- 27 чэрвеня некалькі беларускіх СМІ паведамілі пра рамонт былой вайсковай часткі ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну. Мясцовыя жыхары пачалі выказваць занепакоенасьць у сувязі з магчымым зьяўленьнем вагнэраўцаў побач з Асіповічамі. Зьвесткі пра тое, што ў лягеры могуць разьмясьціцца баевікі ПВК «Вагнэр», пашырылі і расейскія СМІ.
- Радыё Свабода атрымала сьвежыя спадарожнікавыя здымкі, на іх відаць, што каля вёскі Цэль пабудаваны намётавы лягер. На яго тэрыторыі заўважана каля 300 намётаў, кожны зь якіх можа зьмясьціць некалькі дзясяткаў чалавек.
- 2 ліпеня адзін з тэлеграм-каналаў, зьвязаных з кіраўніком ПВК «Вагнэр», паведаміў, што праца рэгіянальных цэнтраў кампаніі ў Расеі прыпыняецца ў сувязі зь пераездам у Беларусь.
- Паводле інфармацыі Свабоды, атрыманай ад крыніц сярод мясцовых жыхароў, па стане на вечар 3 ліпеня намётавы лягер яшчэ ня быў заселены.
Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.