У Расеі прапанавалі вазіць турыстаў у акупаваны Крым на дэсантных караблях і праз анэксаваныя тэрыторыі

Крымскі мост, архіўнае фота

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на нарадзе з урадам абмеркаваў чэргі на пад'езьдзе да Крымскага моста. Учора чарга там расьцягнулася на 16 км.

Кіраўнік міністэрства транспарту Расеі Віталь Савельеў паведаміў на нарадзе, што пікавая нагрузка на Крымскі мост чакаецца 16–17 ліпеня. У гэты час, «калі трэба будзе», для перавозкі аўтамабіляў задзейнічаюць два вялікія дэсантныя караблі, кожны зь якіх можа перавезьці да 40 машын, заявіў Савельеў. Такія караблі, паводле яго, гатовы прадаставіць міністар абароны РФ Сяргей Шайгу.

Губэрнатар Краснадарскага краю Веньямін Кандрацьеў прапанаваў у выпадку «кратнага» павелічэньня чэргаў выкарыстоўваць транспартны калідор у анэксаваны Крым праз «новыя рэгіёны» (гэта значыць, праз акупаваныя Расеяй Данецкую, Луганскую, а таксама часткі Запароскай і Херсонскай абласьцей Украіны). Уладзімір Пуцін у адказ даручыў губэрнатару разам з МНС, МУС і іншымі расейскімі ведамствамі ацаніць гэтую прапанову «з усіх пунктаў гледжаньня, але, вядома, выкарыстоўваць усе магчымасьці».

  • Затор у шмат кілямэтраў узьнік ля Крымскага моста ў мінулую суботу, з пачаткам сэзону адпачынкаў, праз поўны надгляд легкавых аўтамабіляў, паведамляе Інтэрфакс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У акупаваным Крыме заявілі аб пашкоджаньні Чангарскага моста і прыпыненьні руху ў кірунку Запароскай і Херсонскай абласьцей